Пошук

Кардынал Медзіна Эстэвес абвяшчае аб выбранні Бэнэдыкта XVI на Пасад св. Пятра Кардынал Медзіна Эстэвес абвяшчае аб выбранні Бэнэдыкта XVI на Пасад св. Пятра 

Святы Айцец моліцца за памерлага кардынала Эстэвеса

Папа запэўніў у малітве за памерлага чылійскага кардынала Хорхэ Артура Медзіны Эстэвеса, арцыбіскупа-эмерыта Вальпараіса, які адышоў у вечнасць 3 кастрычніка 2021 г. у Сант’яга ў 94-гадовым узросце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У спачувальнай тэлеграме, скіраванай на імя Апостальскага нунцыя ў Чылі, арцыбіскупа Альбэрта Артэгі Марціна, Пантыфік выказаў спачуванні родным памерлага іерарха і вернікам дыяцэзій Ранкагуа і Вальпараіса, у якіх ён быў пастырам.

“Успамінаючы гэтага самаадданага прэлата, які на працягу многіх гадоў з вернасцю служыў Богу і Паўсюднаму Касцёлу, у тым ліку як прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, узношу малітву аб вечным супакоі для яго душы, каб Пан адарыў яго неўвядальным вянком славы, і ўдзяляю ўсім Апостальскае благаслаўленне на знак хрысціянскай надзеі на ўваскрослага Пана”, - напісаў Фрацнішак.

Хорхэ Артура Медзіна Эстэвес нарадзіўся ў 1926 г. у Сант’яга. У 1954 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Выкладаў кананічнае права ў Папскім каталіцкім універсітэце Чылі, быў віцэ-канцлерам гэтай навучальнай установы. Прымаў удзел у Другім Ватыканскім Саборы, супрацоўнічаў з рознымі дыкатэрыямі Рымскай курыі, уваходзіў у склад экспертаў, якія займаліся падрыхтоўкай Кодэкса кананічнага права і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.

У 1984 г. св. Ян Павел ІІ прызначыў яго дапаможным біскупам Ранкагуйскай дыяцэзіі ў Чылі, потым біскупам гэтай дыяцэзіі, а ў 1993 г. – біскупам Валпараіса. У тым жа годзе іерарх праводзіў духоўныя практыкаванні для Святога Айца і кіраўніцтва Рымскай курыі ў Ватыкане. У 1996 г. стаў про-прэфектам Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, а ў 1998 г. – прэфектам і кардыналам. Падчас канклаву 2005 г. ён урачыста абвясціў аб выбранні на Пасад св. Пятра Бэнэдыкта XVI.

Пасля смерці кардынала Медзіны Эстэвеса Калегія кардыналаў складаецца з 215 членаў, з якіх 121 выбаршчык і 94 без права голасу на канклаве.
 

05 кастрычніка 2021, 10:35