Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

COMECE да лідараў ЕС: не падаўжаць залежнасць ад выкапнёвага паліва

Старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) нагадаў лідарам Еўрапейскага Саюза пра адказнасць за экалагічную сітуацыю на планеце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У кантэксце набліжэння да 26-й Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб зменах клімату (COP26), якая пройдзе з 31 кастрычніка па 12 лістапада 2021 г. у шатландскім горадзе Глазга, кардынал Жан-Клод Олерыш скіраваў адмысловае пасланне да еўрапейскіх палітыкаў.

“Наша супольная адказнасць заключаецца ў тым, каб радыкальна змяніць наш лад жыцця, пакласці канец бяздумнаму спажывальніцтву і драпежніцкай эксплуатацыі рэсурсаў і жыць у згодзе ў межах планеты”, - падкрэсліў іерарх.

Люксембуржскі кардынал назваў “глыбокім маральным імператывам” недапушчэнне пераадолення парогу глабальнага пацяплення на 1,5°C. Ён заклікаў “неадкладна спыніць новыя інвестыцыі ў інфраструктуру для выкапнёвага паліва” і адмяніць субсідыі, якія “падаўжаюць залежнасць грамадстваў ад выкапнёвага паліва і сельскагаспадарчай вытворчасці, разбуральнай для навакольнага асяроддзя”. У той жа час, на яго думку, трэба аказаць належную дапамогу работнікам гэтых сфер і мясцовым супольнасцям, а таксама перанакіраваць інвестыцыі на аднаўляльную энергетыку.

Асаблівую ўвагу, паводле кардынала, “неабходна надаць авіяцыйнай і суднаходнай галінам, якія вельмі забруджваюць асяроддзе, і ўклад якіх у барацьбу са зменай клімату з’яўляецца абсалютна недастатковым”.

Старшыня COMECE нагадаў пра “экалагічны доўг” паўночных краін, “якія абагаціліся, эксплуатуючы натуральныя рэсурсы Поўдня”. Паводле яго слоў, кампенсацыя гэтага доўга праз належную фінансавую і тэхналагічную падтрымку паўднёвых краін з’яўляецца не толькі пытаннем салідарнасці, але таксама і справядлівасці.
 

28 кастрычніка 2021, 09:40