Пошук

Vatican News
Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі з Францішкам Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі з Францішкам 

Архіепіскап Кентэрберыйскі пра каталіцкі Сінод

Сінод – гэта хада разам, сумеснае знаходжанне на шляху, - падкрэсліў Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі ў інтэрв'ю Vatican News.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Сінод асабліва важны для разумення Касцёла. Бог гаворыць праз кожнага чалавека. Касцёл не можа сысці ў акопы, а гэта застаецца пагрозай для кожнай касцёльнай структуры”, - папярэдзіў англіканскі іерарх. На мінулым тыдні ён гасціў у Рыме, дзе ўдзельнічаў, між іншым, у міжрэлігійнай сустрэчы, скліканай Францішкам перад СОР26.

Прадстаяцеля Англіканскай Царквы натхняе працэс сінадальнасці ў Каталіцкім Касцёле, бо гэта мае вялікае экуменічнае значэнне для дыялогу паміж дзвюма Цэрквамі.

Ён адзначыў, аднак, што ёсць розніца ў разуменні сінадальнасці сярод англікан. У Англіканскай Царкве ёсць тры палаты: епіскапы, духавенства і свецкія. Кожная з іх з'яўляецца часткай Сінода. Дзякуючы гэтаму можна пачуць голас свецкіх вернікаў, святароў і епіскапату. На думку Уэлбі, “гэта вельмі фундаментальнае, эклезіялагічнае разуменне народу Божага”.

Архіепіскап Кентэрберыйскі перасцярог, што як і любая касцёльная структура, Сінод можа сысці ў акопы. “Касцёл не можа затрымацца, ён не можа стаяць. А Сінод у ідэале дазваляе нам ісці разам, уважліва слухаць адно аднаго. Ён умацоўвае слабых і дазваляе моцным служыць, а не дамінаваць. Гэта сутнасць Касцёла, які злучае нашы супольнасці разам”, - адзначыў архіепіскап Уэлбі.

Нагадаем, 10 кастрычніка 2021 г. св. Імшой у ватыканскай базыліцы Францішак адкрыў ХVI Звычайную Асамблею Сінода Біскупаў.
 

12 кастрычніка 2021, 11:16