Пошук

Vatican News
11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

На працы ў касцёле ў Будславе не хапае 400 тыс. рублёў. На пазачарговым пленарным пасяджэнні біскупскай канферэнцыі 2 верасня 2021 г. заслухалі справаздачу аб ліквідацыі наступстваў пажару ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай. Старшыня спецыяльнай камісіі біскуп Аляксандр Яшэўскі пазнаёміў з ходам прац па рэканструкцыі касцёла ў Будславе. Як зазначыў іерарх, яшчэ не стае прынамсі 400 тыс. рублёў, неабходных на завяршэнне этапу ўступнай кансервацыі, які папярэднічае працы па грунтоўнай рэстаўрацыі. Нагадаем, фізічныя і юрыдычныя асобы ўжо пералічылі ахвяраванні на агульную суму звыш 1 млн рублёў. Гэтыя сродкі выкарысталі на аплату праектных і рамонтна-будаўнічых работ у касцёле, авансы падрадчыкам, экспертызы, закупку матэрыялаў і іншыя мэтавыя патрэбы. Біскупы выразілі падзяку вернікам і ўсім ахвярадаўцам за малітоўную і матэрыяльную дапамогу.

Таксама па выніках пасяджэння зацверджаны новыя кандыдатуры ў касцёльных структурах. На пасаду дырэктара Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Беларусь біскупы прызначылі ксяндза каноніка Андрэя Аніскевіча з Віцебскай дыяцэзіі. Дырэктарам Пастырскага цэнтра пры біскупскай канферэнцыі стаў ксёндз Віталій Дабраловіч з Гродзенскай дыяцэзіі. Старшынёй камісіі па ўдзелу Касцёла ў Беларусі ў працы Сіноду Біскупаў паўсюднага Касцёла прызначаны біскуп Аляксандр Яшэўскі - ён будзе каардынаваць працу Сіноду на ўзроўні Канферэнцыі пры дапамозе прадстаўнікоў з кожнай дыяцэзіі.

У Мядзелі тры біскупы цэлебравалі пахавальную св. Імшу за спачылага айца Бэрнарда Радзіка – пробашча мясцовай парафіі Маці Божай Шкаплернай. Ён адышоў у вечнасць на 58-м годзе жыцця. 31 жніўня 2021 г. у касцёле сабраліся вернікі і святары на чале з Апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Казімірам Велікасельцам, а таксама з дапаможнымі біскупамі Юрыем Касабуцкім і Аляксандрам Яшэўскім. Пахаванне памерлага айца адбылося 3 верасня 2021 г. у Польшчы – на Ракавіцкіх могілках у Кракаве, пахавальні айцоў кармэлітаў босых.

У Гродне адбылася дыяцэзіяльная сустрэча катэхетаў. Мерапрыемствам 30 жніўня 2021 г. урачыста адкрылі катэхетычны год у дыяцэзіі. На сустрэчы сабраліся звыш 50 катэхетаў: святары, сёстры законныя, свецкія асобы. Прысутныя выслухалі дзве канферэнцыі, удзельнічалі ў малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і ў св. Імшы. Яе цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у інтэнцыі ўсіх, хто займаецца катэхізацыяй у дыяцэзіі, a таксама за дзяцей, моладзь і дарослых, якія сёлета будуць удзельнічаць у катэхізацыі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся со словам з нагоды распачацця катехэтычнага года. Пастыр падкрэсліў, што галоўным заданнем Касцёла на сучасным этапе яго развіцця з’яўляецца новая евангелізацыя з мэтай спрыяць новай сустрэчы чалавека з Хрыстом у абставінах наступу секулярызацыі і маральнага рэлятывізму. У той жа час катэхізацыя служыць перадачы і ўмацаванню веры, што адбываецца ў першую чаргу дзякуючы навучанню праўдам веры. “Заданне вельмі актуальнае ў наш час“, - сцвердзіў іерарх. Ён благаславіў на новы шлях сведчання і перадачы праўдаў веры, а таксама клопату аб далейшым развіцці Касцёла і рэалізацыі яго місійнасці.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

04 верасня 2021, 10:05