Пошук

Гертруда Дэтцэль Гертруда Дэтцэль 

Місіянерка ГУЛАГу на шляху да алтароў

Каталіцкі Касцёл у Казахстане афіцыйна пачаў дыяцэзіяльны этап беатыфікацыйнага працэсу Гертруды Дэтцэль, вядомай у народзе як місіянерка ГУЛАГу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З самага дзяцінства Гертруда хацела уступіць у манаскую кангрэгацыю і прысвяціць сваё жыццё абвяшчэнню Евангелля, але сутыкнулася з суровай рэчаіснасцю Савецкага Саюза. "Аднак яна стала слугой Бога ў свеце: абвяшчала Добрую Навіну і сведчыла яе словамі, малітвай і перш за ўсё прыкладам святога жыцця, якое было асабліва каштоўным і неабходным ва ўмовах недахопу святароў і адкрытых храмаў”, - падкрэсліў біскуп Адэлія Дэль’Ора, пастыр Карагандзінскай архідыяцэзіі.

У 1941 г, з пачаткам вайны, Гертруда Дэтцэль была дэпартаваная ў горад Пахта-Арал на поўдні Казахстана, дзе збірала бавоўну і працягвала служэнне малітвы і евангелізацыі, ведучы людзей да Бога ў цішыні. Яе часта перамяшчалі з месца на месца і асуджалі на катаржныя работы. Выйшаўшы пасля апошняга тэрміну ў ГУЛАГу, Гертруда пасялілася ў Карагандзе, дзе неўзабаве стала першай памочніцай святароў, якія нелегальна ездзілі туды і падпольна суправаджалі рэлігійнае жыццё мясцовых вернікаў. Жанчына збірала людзей у малітоўныя групы, малілася на Ружанцы, чытала Святое Пісанне са старых, захаваных кніг і, наколькі магла, замяняла святароў. Яна памерла ў гэтым горадзе ў 1971 г.

З пачаткам дыяцэзіяльнага этапу працэсу была створана камісія для збору сведчанняў аб жыцці Гертруды Дэцэль. Пасля яго завяршэння, калі вынік будзе станоўчым, дакументацыю перададуць у Кангрэгацыю па справах кананізацыі.

 

10 верасня 2021, 13:00