Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Цэрквы краін ЕС заклікаюць абараніць афганскіх бежанцаў

Дапамагчы бежанцам з Афганістана заклікалі старшыні буйных хрысціянскіх аб’яднанняў ЕС – Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) і Канферэнцыі еўрапейскіх Цэркваў (CEC).

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кардынал Жан-Клод Олерыш і пастар Крысціян Крыгер звярнуліся да палітычных лідараў Еўрапейскага Саюза, заклікаючы іх даказаць, што “каштоўнасці ЕС – гэта не пустая рыторыка, а практычныя кіруючыя прынцыпы, якія вядуць да дзеянняў, заснаваных на этычных стандартах, незалежна ад палітычных і эканамічных поглядаў”.

Старшыні COMECE і CEC нагадалі пра абавязак абараніць прыгнечаных і людзей, жыццё якіх знаходзіцца пад пагрозай, у першую чаргу жанчын, дзяцей, актывістаў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, журналістаў, мастакоў, прадстаўнікоў меншасцей. ЕС і яго краіны-члены павінны стымуляваць сумесныя і скаардынаваныя дзеянні салідарнасці міжнароднай супольнасці, каб дапамагчы афганцам, якія ратуюцца ад насілля і тэрору.

“Мы заклікаем Еўрапейскі Саюз адыграць вядучую ролю ў стварэнні гуманітарных калідораў, шляхоў перасялення і іншых бяспечных каналаў, якія дазволяць бежанцам дабрацца да тых месцаў за межамі Афганістана, дзе ім не будзе пагражаць нічога. Мы заклікаем таксама краіны-члены ЕС даць афганцам, якія ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза права на жыхарства і спыніць дэпартацыі ў Афганістан”, - напісалі кардынал Олерыш і пастар Крыгер.

Асуджаючы тэрарызм ва ўсіх яго формах і праявах старшыні Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці і Канферэнцыі еўрапейскіх Цэркваў таксама заклікалі вернікаў маліцца за ахвяр нядаўніх тэрарыстычных актаў і іх сем’і.
 

03 верасня 2021, 10:39