Пошук

Vatican News
Кс. Ханс Цольнэр Кс. Ханс Цольнэр 

Кс. Цольнэр за касцёльныя спецустановы для педафілаў

З прапановай стварэння “касцёльных спецустаноў”, у якіх на добраахвотных пачатках будзе ўтрымлівацца духавенства, асуджанае за злоўжыванні, выступіў член Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кс. Ханс Цольнэр, адзін з вядучых спецыялістаў у галіне, мяркуе, што пасля адбыцця пакарання ў такой “турме” гэтыя людзі могуць быць прыняты і пастаўлены пад пільны нагляд, каб прадухіліць далейшыя акты агрэсіі. Для такіх асоб, адзначыў ён, "існуе высокая верагоднасць рэцыдыву злачынстваў”.

Нямецкі езуіт пракаментаваў сітуацыю ў інтэрв'ю religio.orf.at, на якое спасылаецца katholish.de. Псіхолаг і святар засноўвае сваю прапанову на станоўчым вопыце ў ЗША, дзе ўзніклі цэнтры, у якія злачынцы самі згаджаюцца пайсці, бо ведаюць, што яны будуць знаходзіцца пад кантролем.

Кс. Цольнэр назваў гэтыя аб'екты па-сапраўднаму "турэмнымі", паколькі там існуюць "дакладныя межы на выхад і кантакт з навакольным асяроддзем". На думку езуіта, кантроль, дакладнае вызначэнне таго, што можна, а што нельга, – "адзін з найважнейшых інструментаў у барацьбе з крыўдзіцелямі ў Касцёле і за яго межамі".

Аднак, на думку эксперта, такая ініцыятыва можа стаць эфектыўнай толькі ў "вузкаспецыялізаваным" грамадстве Заходняй Еўропы, ЗША ці Канады. "У іншых частках свету, дзе адказнасць супольнасці больш відавочная, узяць на сябе такія задачы могуць парафіі або духоўныя супольнасці", - лічыць ён.
 

08 жніўня 2021, 12:31