Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Вярхоўны пэнітэнцыярый на ўрачыстасцях “Асізскага даравання”

Кардынал Маўра П’ячэнца ўзначаліў урачыстую цэлебрацыю з нагоды старажытнага адпусту, вядомага як “Адпуст Парцыюнкулі” або “Асізскае дараванне”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У грамадстве, пазначаным “індывідуалізмам і эгаістычным самалюбаваннем” важна не забываць пра фундаментальную рэч: сутнасцю нашага быцця з’яўляюцца адносіны, любоў і міласэрнасць, - зазначыў ватыканскі іерарх падчас св. Імшы, якая 2 жніўня 2021 г. прайшла ў базыліцы Маці Божай Анёльскай.

Вярхоўны пэнітэнцырый падкрэсліў, што Божы Сын не толькі распавядаў пра Божую міласэрнасць, але сам стаў міласэрнасцю, у якую можам занурыцца праз веру і сакрамэнты, у першую чаргу Эўхарыстыі і споведзі. Калі мы дазваляем Божаму прабачэнню агарнуць нас, бачым як церпіць паразу наша самотнасць, - сказаў кардынал.

Кардынал П’ячэнца лічыць, што “мы згубілі памяць пра Міласэрнасць” і гэта адна з “галоўных драмаў нашага грамадства”. Мы праходзім “тупіковымі шляхамі самаапраўдання” кожны раз калі спрабуем тытанічнымі і асуджанымі на паразу намаганнямі ўсправядлівіць уласныя паводзіны. Такім чынам пакорная просьба аб прабачэнні саступае месца логіцы збаўлення ў адзіночку. Сустрэча ж з прабачэннем спрыяе ўнутранаму аднаўленню, з’яўляецца лекам ад смутку і крыўдаў.

“Як нярэдка паўтарае папа Францішак мы патрабуем прабачэння і маем патрэбу ў тым, каб прабачаць. Пра гэта нам кажуць усе сітуацыі, у якіх мы станавіліся аб’ектам міласэрнасці, усе сітуацыі, калі мы былі прабачаны за нанесеныя крыўды, за несправядлівасць да братоў, за недахоп памяці пра іх. Атрымліваць прабачэнне ад брата, значыць аднаўляць сувязь з ім”, - сказаў іерарх, падкрэсліваючы, што “нам трэба прабачаць, каб вызваліць сэрца”, каб “не жыць смуткам і ўспамінамі пра злое”.

Спасылаючыся на жыццё св. Францішка ватыканскі кардынал заўважыў, што на адлегласці ў 800 гадоў Асізскі Бядак застаецца іконай магчымасці “глыбокага аднаўлення знутры Паўсюднага Касцёла”. Мы “ніколі не павінны адлучацца ад Цела Хрыста, якім ёсць Касцёл”, - сказаў кардынал.

Адпуст “Асізскае дараванне” мае ўжо больш чым 800-гадовую гісторыю. Падчас малітвы ў капліцы Парцыюнкула ў Асізі св. Францішак Асізскі горача прасіў Бога аб ласцы збаўлення для ўсіх людзей. Езус і Марыя аб’явіліся яму, паабяцаўшы, што калі вернік наведае гэта месца ад заходу сонца 1 жніўня да заходу сонца 2 жніўня (Свята Маці Божай Анёльскай), атрымае ласку поўнага адпусту.

Цяпер дар прабачэння могуць атрымаць усе, хто пры звычайных умовах у акрэслены вышэй час наведае парафіяльны або францішканскі храм, прамовіўшы Сімвал веры і “Ойча наш”, молячыся за Папу і ў яго інтэнцыях. Адпуст можа быць таксама ахвяраваны за памерлага.
 

02 жніўня 2021, 13:18