Пошук

Vatican News
Флэшмоб перад базылікай св. Стэфана у Будапешце, прымеркаваны да  Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса Флэшмоб перад базылікай св. Стэфана у Будапешце, прымеркаваны да Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса 

Венгрыя праз месяц чакае Пантыфіка

Венгрыя рыхтуецца да 52-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса, запланаванага на 5-12 верасня 2021 г. Дэвізам форума ў Будапешце будуць словы Псальма 87: “У табе ўсе крыніцы мае”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На парозе сустрэчы, у якой прыме ўдзел Францішак, Венгерская акадэмія мастацтваў падрыхтавала тры выставы. Першая прадставіць Грэка-каталіцкую Царкву, чацвёртую па велічыні хрысціянскую супольнасць краіны. Другая – прысвечана гісторыі 34-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса, які прайшоў у сталіцы Венгрыі 25-29 мая 1938 г. Трэцяя – пакажа ўклад Касцёла ў дапамогу людзям, якія жывуць у нястачы; яна рыхтуецца разам з венгерскай Caritas.

Папа ўзначаліць св. Імшу ў Будапешце 12 верасня 2021 г., у канцы Кангрэса. Потым ён адправіцца ў далейшае падарожжа – з апостальскім візітам у Славакію. Праграма кароткага візіту Святога Айца ў сталіцы Венгрыі прадугледжвае сустрэчу з біскупамі, хрысціянамі іншых канфесій і яўрэйскай супольнасцю, а таксама з вядучымі венгерскімі палітыкамі.

Каталіцкая супольнасць краіны "з вялікай любоўю і радасцю" чакае візіту Францішка, сказаў арцыбіскуп Будапешта, кардынал Пэтэр Эрдо. "Мы молімся, каб папскі візіт разам са змякчэннем пандэміі каронавіруса стаў для нас знакам надзеі і новым пачаткам", - дадаў Прымас Венгрыі.

Прэм'ер -міністр Віктар Орбан задаволены тым, што Пантыфік прыняў запрашэнне прыехаць у Будапешт. Правы палітык і вернік Рэфармацкай царквы заявіў, што з нецярпеннем чакае сустрэчы са Святым Айцом, якая пройдзе перад завяршальнай Імшой 52-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса.
 

05 жніўня 2021, 11:13