Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Пяцёра біскупаў цэлебравалі св. Імшу апоўначы перад цудатворнай іконай Маці Божай Браслаўскай. 20-21 жніўня 2021 г. у санктуарыі адбыліся традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў. З прычыны складанай эпідэмічнай сітуацыі ўжо другі год не ладзяцца арганізаваныя пілігрымкі, але на фэст прыбылі пешкі і на роварах некалькі прыватных пілігрымак. Начную цэлебрацыю ўзначаліў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці, біскуп Аляксандр Яшэўскі. Разам з ім перад цудатворнай іконай маліліся біскупы Казімір Велікаселец, Юрый Касабуцкі, Алег Буткевіч, а таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён пачас св. Імшы назаўтра азначыў, што "Марыйная пабожнасць – гэта нацыянальны духоўны брэнд, які дарагога каштуе", і заўважыў, што нават выкліканыя пандэміяй перашкоды не знізілі папулярнасці марыйных урачыстасцяў, якія на працягу лета адбываліся ва ўсіх беларускіх дыяцэзіях.

Першы хрысціянскі фестываль Novafest сабраў звыш 300 удзельнікаў. Ва Уселюбе на Гарадзеншчыне 21 жніўня 2021 г. мясцовая каталіцкая парафія св. Казіміра арганізавала сустрэчу, праграма якой уключала св. Імшу, Крыжовы шлях у "даліне блакітных крыжоў", сведчанні Божай прысутнасці ў жыцці людзей і служэння Богу каталіцкіх рухаў у Беларусі, канферэнцыю, меджугорскі Ружанец, адарацыю, малітву аздараўлення. Удзельнікамі сталі вернікі з розных куткоў Беларусі: Мінска, Навагрудка, Віцебска, Пастаў, Смаргоні, Салігорска, Бярозы, Гродна, Магілёва, Гомеля.

У Івянцы з удзелам біскупа Яшэўскага прайшла сустрэча манаскай моладзі Беларусі. Мерапрыемства, якое адбылося 25 жніўня 2021 г. пры кляштары францішканаў, стала ўжо традыцыйным. Сёлета яно праходзіла пад дэвізам "Вы – соль зямлі" і было прысвечана каштоўнасці і ролі манаскага жыцця. Кульмінацыяй стаў супольны ўдзел у св. Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскi. У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на духоўным пакліканні чалавека. На прыкладзе евангельскай гісторыі сустрэчы Езуса з багатым юнаком ён паказаў, што "недастаткова рабіць проста добрыя справы – важна рабіць тыя добрыя справы, да якіх заклікае Бог".

Восьмы мастацкі пленэр прайшоў у Друі. 22 жніўня 2021 г. св. Імшой і вернісажам завяршылася мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел 25 мастакоў з усёй Беларусі. Цэлебрантам св. Імшы і ганаровым госцем імпрэзы стаў старшыня Канферэнцыі Біскупаў у Беларусі, Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. На Эўхарыстыю сабраліся не толькі парафіяне, але і шматлікія госці: мастакі, іх родныя і блізкія, а таксама неабыякавыя да жывапісу. У гаміліі іерарх адзначыў, што мастацтва дапамагае нам лепш зразумець Бога, спрыяе больш поўнаму разуменню велічы яго стварэння. Арганізатар пленэру, пробашч друйскай парафіі, кс. Сяргей Сурыновіч патлумачыў, што "сучаснае мастацтва часцей правакацыйнае ў адносінах да рэлігіі, таму асноўная мэта пленэру – дыялог паміж рэлігіяй і мастацтвам".

Падрыхтавана паводле catholic.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.
 

28 жніўня 2021, 10:15