Пошук

Vatican News
Edith Stein

Св. Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа – дар жыцця супраць нецярпімасці

9 жніўня адзначаецца ўспамін св. Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн) – яўрэйкі, філосафа, каталіцкай манахіні, мучаніцы. У 1998 г. св. Ян Павел ІІ кананізаваў яе і абвясціў Апякункай Еўропы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Эдыта Штайн у першую чаргу вучыць актыўнай прысутнасці ў гісторыі, у сваім асяроддзі і сферы дзейнасці, будучы людзьмі, высілкі якіх скіраваны не толькі на дасягненне ўласнага дабра, але дабра іншых, - пераканана прафесар Анджэла Алес Бэла, былая выкладчыца гісторыі сучаснай філасофіі ў Папскім латэранскім універсітэце і старшыня Італьянскай асацыяцыі Эдыты Штайн. Пад яе рэдакцыяй выйшаў поўны збор твораў св. Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа.

Даследчыца заўважыла, што асоба святой вельмі складаная, але ў ёй можна выразна ўбачыць такую рысу як мужнасць. Яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны Штайн, насуперак волі сваёй сям’і запісалася ў шэрагі добраахвотніц Чырвонага крыжа і працавала з хворымі на тыф, што было вельмі небяспечна для яе жыцця.

Мужнасць святой праявілася таксама ў яе рашэнні змяніць веравызнанне, што, вядома, выклікала супраціў з боку яе родных, для якіх пераход Эдыты з юдаізма ў каталіцтва быў непрымальны.

Прафесар Бэла распавяла, што падчас транспарціроўкі ў Аўшвіц св. Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа захоўвала глыбокі ўнутраны спакой і клапацілася пра яўрэйскіх дзяцей, маці якіх па прычыне стрэсавай сітуацыі былі не ўстане даглядаць іх.

“Такім чынам Эдыта Штайн з’яўляецца для нас па-сапраўднаму надзвычайным прыкладам маральнай сілы. У сваіх тэкстах яна кажа пра духоўную сілу, якая можа дапамагчы пераадолець кожную негатыўную сітуацыю ў жыцці, нават калі амаль не застаецца жыццёвых сіл. Езус паказаў духоўную моц падчас мукі і смерці, а Штайн па-сапраўднаму наследавала Яго і гэта, на маю думку, было важным элементам для вызначэння яе святасці”, - сцвердзіла даследчыца.

Эдыта Штайн нарадзілася ў рэлігійнай яўрэйскай сям’і ў Вроцлаве. Уражаная прыкладам даверу да Бога адной жанчыны, муж якой загінуў на вайне, яна зацікавілася хрысціянствам, а пасля знаёмства з жыццяпісам св. Тэрэзы Авільскай вырашыла прыняць хрост. У 1934 г. уступіла ў ордэн кармелітак у Кёльне. 9 жніўня 1942 г. загінула ў газавай камеры канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц.

“Я запрашаю ўсіх паглядзець на яе мужны выбар, які выяўляецца ў сапраўдным навяртанні да Хрыста, а таксама на дар яе жыцця, скіраваны супраць усіх форм нецярпімасці і ідэалагічнага скажэння”, - казаў Францішак пра св. Тэрэзу Бэнэдыкту ад Крыжа 7 жніўня 2019 г. у Ватыкане.

09 жніўня 2021, 11:03