Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Ідзе рэгістрацыя ўдзельнікаў сустрэч з Папам у Славакіі

З 13 жніўня 2021 г. адкрыта афіцыйная рэгістрацыя людзей, якія жадаюць прыняць удзел у публічных мерапрыемствах, звязаных з візітам Францішка ў Славакію.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Апостальскае падарожжа Пантыфіка пройдзе пад дэвізам: "З Марыяй і Юзафам на шляху да Езуса". Зарэгістравацца на асобныя мерапрыемствы ў Браціславе, Шашціне, Прэшаве і Кошыцах можна на афіцыйным сайце.

Трэба запоўніць рэгістрацыйную форму. Патэнцыйны ўдзельнік павінен паведаміць асабістыя дадзеныя і адрас электроннай пошты, на які пасля праверкі ён атрымае білет з QR-кодам, які нельга скапіраваць. Ён таксама будзе змяшчаць інфармацыю аб лагістыцы, часе, месцах, правілах паводзін. Арганізатары просяць удзельнікаў раздрукаваць білет і ўзяць яго з сабой разам з пашпартам. Пасля праверкі білета і дакументаў удзельнік зможа трапіць на месца падзеі.

Падчас візіту Папы ў Славакію ў галоўных цырымоніях змогуць удзельнічаць толькі людзі, якія прайшлі поўную вакцынацыю ад каронавіруса. Другую дозу неабходна зрабіць не менш чым за 14 дзён да падзеі і не менш чым за 21 дзень пасля першай. Гэта тычыцца ўваходу на Імшы, якія Францішак будзе цэлебраваць пад адкрытым небам у нацыянальным санктуарыі ў Шашціне (15 верасня) і ў Прэшаве (14 верасня), а таксама на дзве сустрэчы ў Кошыцах, з цыганскай супольнасцю і з моладдзю (14 верасня).

Святы Айцец прыедзе ў Браціславу 12 верасня 2021 г. пасля Імшы, якую ўзначаліць у Будапешце з нагоды 52 -га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу. У Славакіі ён правядзе чатыры дні.

Візіт Францішка стане чацвёртым папскім візітам у Славакію. Першым сюды прыехаў Ян Павел II у 1990 г, неўзабаве пасля падзення жалезнай заслоны, калі Славакія яшчэ была часткай новаўтворанай Чэшскай і Славацкай Федэратыўнай Рэспублікі. Наступныя два яго падарожжы ў незалежную Славацкую Рэспубліку адбыліся ў 1995 і 2003 гг.
 

17 жніўня 2021, 12:04