Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Місіянерка з Паўднёвага Судану: шлях да міру няблізкі

Сітуацыя ў Паўднёвым Судане пагаршаецца з кожным днём. Сястра Марына Марцінэллі, якая доўгія гады працуе ў гэтай афрыканскай краіне, пракаментавала забіццё дзвюх суданскіх законніц.

Ян Глінскі - Vatican News

Па словах італьянскай манахіні з кангрэгацыі Місіянерак Найсвяцейшага Сэрца, заснаванай св. Даніэлем Камбоні, іх прысутнасць у Паўднёвым Судане заўсёды шанавалася, і яны ніколі не былі мэтай свядомых атак. “Цяпер мы маем справу з нейкай зменай мыслення, якая пужае. Сёстры, якія ўсё жыццё аддаюць служэнню самым бедным суданцам, усё часцей становяцца ахвярамі нападзенняў”, - падкрэсліла сястра Марцінэллі.

“Гэтае здарэнне жахнула нас, – працягвала місіянерка. – Як правіла, ставяцца да нас з пашанай, як і да святароў. Цяпер жа нешта змянілася. Сведкі кажуць, што адна з жанчын, якая была ў групе захопнікаў, сказала: “іх не забіваем, яны з Касцёла”, аднак, нягледзячы на гэта, яе партнёр застрэліў сясцёр”.

Як падкрэсліла місіянерка, шлях да міру ў Паўднёвым Судане няблізкі, бо ёсць шмат тых, хто зацікаўлены ў далейшай дэстабілізацыі. “Ёсць дарогі, на якіх людзей масава забіваюць, а транспарт выкрадаюць. Гэта не дапамагае ў будаванні нармальнага жыцця і не дазваляе краіне развівацца. Беднасць тут жахлівая. Але мы не можам дазволіць, каб насілле нас перамагло”, - сцвердзіла с. Марцінэллі і запэўніла, што сёстры з яе кангрэгацыі надалей будуць спадарожнічаць мясцовым жыхарам, якія прагнуць міру.

Забітыя сёстры Марыя Абуд і Рэгіна Роба, па словах італьянскай місіянеркі, былі вельмі адданыя суданцам. “Людзі моцна ўзрушаны іх смерцю”, - дадала законніца, просячы маліцца за Паўднёвы Судан, які патанае ў ваенных канфліктах і перажывае глыбокі гуманітарны крызіс.

17 жніўня Францішак назваў забойства дзвюх законніц у Паўднёвым Судане “бессэнсоўным актам насілля”. Ён быў “вельмі засмучаны” навіной аб “жорсткім нападзе на групу сясцёр з Кангрэгацыі Найсвяцейшага Сэрца” і “спадзеючыся, што іх ахвяра паспрыяе справе міру, згоды і бяспекі ў рэгіёне”, моліцца за іх вечны спакой і суцяшэнне тых, каго засмуціла гэта страта, - запэўніў кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці.
 

20 жніўня 2021, 11:54