Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Касцёл у Італіі: набажэнствы без COVID-пашпартоў

У Італіі завяршаецца падрыхтоўка да ўступлення ў сілу патрабавання наяўнасці COVID-пашпартоў у многіх грамадскіх месцах. Італьянскі епіскапат запэўніў, што яны не спатрэбяцца для ўдзелу ў набажэнствах.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Так званы Green Pass пачынае дзейнічаць, калі прышчэплена больш за 60% італьянцаў. Апытанні паказваюць, што дзве траціны грамадскасці падтрымліваюць увядзенне COVID-пашпартоў. Яны будуць прымяняцца, між іншым, для ўваходу ў пункты грамадскага харчаванне, тэатры, кіно, музеі і спартыўныя залы.

Італьянскі епіскапат падрыхтаваў спецыяльны даведнік на гэтую тэму. У дакуменце, разасланым па ўсіх парафіях, гаворыцца, што ўвядзенне Green Pass не накладзе ніякіх дадатковых абмежаванняў на літургічнае і сакрамэнтальнае жыццё. У храмах па-ранейшаму будуць дзейнічаць толькі існуючыя правілы: маскі, сацыяльная дыстанцыя, знак міру без фізічнага кантакту і св. Камунія толькі на руку.

Дыяцэзіі самі вырашаць, ці даваць дазвол на арганізацыю працэсій, вельмі папулярных на Апенінскім паўвостраве падчас свят. Напрыклад, біскупы рэгіёна Апулія пакуль адмовіліся ад іх правядзення, патлумачыўшы, што іх масавасць не дазваляе выконваць правілы санітарнай бяспекі.

COVID-пашпарты спатрэбяцца падчас сустрэч, арганізаваных у парафіяльных залах і араторыях, у касцёльных музеях і на спартыўных спаборніцтвах, а таксама падчас вясельных прыёмаў.

У сваім лісце біскупы Італіі заклікалі святароў арганізоўваць, наколькі гэта магчыма, сумесную малітву і адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту ў гэты цяжкі час эпідэмічных абмежаванняў, але сачыць за тым, каб каронавірус не прывёў да перапынення рэлігійнага жыцця.
 

05 жніўня 2021, 11:44