Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Фонд, заснаваны Папам, падтрымаў каля 2,5 тыс. чалавек

Каля 2,5 тыс. чалавек падтрымаў у Рыме фонд Gesù Divino Lavoratore (Езус Боскі Работнік), створаны Папам у чэрвені 2020 г. Галоўным чынам дапамогу атрымалі людзі, якія згубілі крыніцу даходаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец прызначыў на дапамогу патрабуючым 1 мільён еўра. Яшчэ каля 1 мільёна было ахвяравана ўладамі Рыма і рэгіёна Лацыё, прыватнымі фондамі і асобнымі ахвярадаўцамі.

Вынікі працы дабрачыннай ініцыятывы былі прадстаўлены ў сядзібе Вікарыяту Рымскай дыяцэзіі. Адзначалася, што большая частка сродкаў была накіравана на дапамогу работнікам гасцінічнай і рэстараннай сферы (35,6%), якія асабліва моцна пацярпелі падчас пандэміі. На падтрымку работнікаў гандлёвага сектару было вылучана 14,5% рэсурсаў, а людзей, якія аказваюць хатнюю дапамогу і даглядаюць пажылых – 12,8%. Фінансавую дапамогу змаглі атрымаць беспрацоўныя і людзі, штомесячныя даходы якіх не перавышалі 600 еўра.

Фонд падтрымліваў таксама малыя сямейныя прадпрыемствы, галоўным чынам сямейныя, а таксама арганізаваў фармацыйныя курсы, каб даць людзям магчымасць атрымаць новую прафесію і змяніць працу.

Адным з плёнаў працы Фонда стала таксама абуджэнне адчувальнасці рымлян да патрэбаў іншых. “Людзі, калі бачылі нашых валанцёраў, чулі пра падтрымку, якую мы арганізуем, пачалі заўважаць беднасць вакол іх, сталі заўважаць суседзяў, якім не хапала ежы, і вырашылі дапамагаць ім, не чакаючы пакуль гэта пачнуць рабіць адмысловыя ўстановы”, - падзяліўся біскуп Бэноні Амбарус, старшыня рымскага Caritas, адказны за дабрачынную дзейнасць і дапамогі мігрантам у Рымскай дыяцэзіі.
 

05 жніўня 2021, 09:50