Пошук

Кс. Ламбардзі побач з Францішкам. Сустрэча па абароне непаўналетніх, люты 2018 г. Кс. Ламбардзі побач з Францішкам. Сустрэча па абароне непаўналетніх, люты 2018 г. 

Выклік злоўжыванняў. Што зрабіў Папа пасля сустрэчы ў лютым 2019 г.

У лютым 2019 г. Папа Францішак запрасіў прэзідэнтаў кожнай біскупскай канферэнцыі ў Ватыкан на сустрэчу па абароне непаўналетніх у Касцёле для вырашэння праблемы сэксуальнага гвалту над непаўналетнімі з боку прадстаўнікоў духавенства. Падобная сустрэча, прысвечаная рэгіёну Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, адбудзецца ў Варшаве з 19 па 22 верасня. У гэтым артыкуле ксёндз Федэрыка Ламбардзі ставіць гэтую рэгіянальную сустрэчу ў кантэкст падарожжа Касцёла да гэтага часу.

Кс. Фэдэрыка Ламбардзі, SJ

У сучасным свеце Касцёл павінен супрацьстаяць шматлікім выклікам. Самыя фундаментальныя – гэта вера i абвяшчэнне Бога і Езуса Хрыста ў сённяшнім свеце з яго шматлікімі культурнымі і антрапалагічнымі трансфармацыямі. І ў той жа час ёсць асаблівыя выклікі, якія моцна ўплываюць на жыццё Касцёла і на яго місію евангелізацыі. Адным з выклікаў, якія найбольш падвяргаюцца крытыцы ў апошнія дзесяцігоддзі, бо паўплывалі на давер Касцёлу і разам з тым на яго аўтарытэт i магчымасць верагодна абвяшчаць Евангелле, з’яўляецца праблема сексуальных злоўжыванняў з боку духавенства ў дачыненні да непаўналетніх. Гэта кінула цень непаслядоўнасці і няшчырасці на інстытут Касцёла і супольнасць Касцёла ўцэлым. І гэта вельмі сур'ёзна.

З часам і з вопытам, пачаўшы ад высвятлення сексуальных злоўжыванняў у адносінах да непаўналетніх – найбольш цяжкіх правін, – мы навучыліся разглядаць праблему з розных бакоў. Сёння мы ўсё больш гаворым пра злоўжыванні самымі "ўразлівымі", i маем на ўвазе не толькі сексуальныя злоўжыванні, але i злоўжыванні ўладай, свядомасцю, сумленнем, як неаднаразова падкрэсліваў папа Францішак. Акрамя гэтага неабходна памятаць, што пытанне злоўжывання ў розным значэнні – гэта вялікая праблема грамадства, краін, дзе мы жывём, і ўцэлым розных кантынентаў. І тут гаворка ідзе аб праблемах не толькі Каталіцкага Касцёла. Той, хто вывучае пытанне аб'ектыўна і шырока, ведае, што ёсць рэгіёны, месцы, інстытуты, дзе гэтая праблема жахліва распаўсюджана.

Слушна, што мы звяртаем асаблівую ўвагу на гэтую праблему менавіта ў Касцёле, як я ўжо адзначыў – па прычыне даверу і паслядоўнасці. Касцёл у сваім вучэнні заўсёды звяртаў асаблівую ўвагу на пытанне сексуальных паводзін і на павагу да iншай асобы. Менавіта таму, – нават усведамляючы, што гэта праблема не з’яўляецца выключна праблемай Касцёла, – мы павінны разглядаць яе вельмі сур'ёзна і разумець цяжкасць кантэксту для жыцця Касцёла і абвяшчэння Евангелля.

Гэта сфера, дзе важнымі з’яўляюцца глыбіня і шчырасць адносін паміж людзьмі, дзе трэба паважаць іх годнасць. Як хрысціяне і католікі мы надаём чалавечай годнасці фундаментальную ролю, бо чалавек – гэта вобраз Бога. Таму факт злоўжывання, адсутнасці павагі, адносіны да іншых як да аб'екту, адсутнасць увагі да іх і да іх цярпенняў і г.д з'яўляецца знакам адсутнасці самага важнага аспекту нашай веры і нашага бачання свету.

У апошняй рэформе Кананічнага права прысутнічае аспект, які можа падацца вельмі фармальным, але насамрэч ён мае вялікае значэнне. Злачынства злоўжывання аднесена да спісу злачынстваў "супраць жыцця, годнасці, свабоды асобы". Гэта "не рэчы, за якія сорамна" або "рэчы, нягодныя духавенства": у Касцёле мае значэнне менавіта годнасць чалавека, яе цэнтральнае месца і павага, бо гэта вобраз Божы. Гаворка ідзе пра адмысловы фундаментальны аспект. Наданне вялікага значэння слуханню і павазе кожнай асобы – у тым ліку малой і слабой – гэта ключавы момант на шляху да навяртання і ачышчэння Касцёла ў наш час, да яго верагоднасці.

Нарада 2019: адказнасць, свядомасць, празрыстасць

Для таго, каб не паўтараць драматычную гісторыю падзей і стаўлення Касцёла да сексуальных злоўжыванняў, варта ўзгадаць "Нараду" ў лютым 2019. Яна была склікана Папам як сусветная падзея, на якой Касцёл праз прадстаўнікоў усіх біскупскіх канферэнцый, мужчынскіх і жаночых кангрэгацый аб'яднаўся для абмеркавання, якім чынам працягваць найбольш эфектыўны шлях абнаўлення.

Арганізацыя "Нарады" (матэрыялы якой былі апублікаваныя ў выданні "Свядомасць і ачышчэнне") грунтавалася на трох галоўных пунктах.

Па-першае, свядомасць і адказнасць у вырашэнні гэтай праблемы; аспекты, звязаныя з сексуальнымі злоўжываннямі адносна непаўналетніх і не толькі; важнасць умення слухаць і глыбока разумець са спачуваннем і спагадлівасцю наступствы, пакуты, сур'ёзнасць таго, што адбылося і адбываецца ў гэтай сферы. Такім чынам, слуханне і спачуванне – як зыходны пункт у належных паводзінах. Затым, што вельмі натуральна, пошук справядлівасці адносна здзейсненых злачынстваў і нанесенай шкоды. Важна дзейнічаць папераджальна, каб гэтыя злачынствы больш не паўтараліся або, прынамсі, сталі вельмі рэдкай з’явай.

Гэта выклікае неабходнасць адукацыі ўсіх прадстаўнікоў касцёльнай супольнасці, асабліва кампетэнтных асобаў, каб яны маглі дзейнічаць і супрацьстаяць праблеме. Іншымі словамі – свядомасць і адказнасць для пераадолення праблемы.

Наступны вельмі важны, вырашальны момант – нясенне адказнасці i пераадольванне культуры прыкрыцця і ўтойвання. Адзін з драматычных аспектаў дадзенага крызісу – утойванне ад публічнасці вельмі цяжкіх сітуацый, нават калі было вядома, што адбываецца, і гэта мела сістэматычны характар. Пакіданне ў ценю або ўтойванне з прычыны сораму ці абароны гонару сем'яў і ўцягнутых інстытутаў – вельмі часта было "натуральнымі" паводзінамі. Адсюль неабходнасць, каб адказныя асобы пераадольвалі паводзіны, які вядуць да ўтойвання, і неслі адказнасць за тое, што адбылося. Утойванне было распаўсюджана на ўсіх узроўнях, але найбольш моцна на ўзроўні самых адказных – вышэйшых настаяцеляў, біскупаў і г.д. Гэты факт указвае на тое, што ўсе павінны ўсведамляць свае дзеянні i такім чынам упэўнена падыходзіць да сітуацыі – з яснасцю, адказнасцю і справядлівасцю.

Падчас "Нарады" шмат гаварылася пра трэці пункт – "празрыстасць" наступстваў. Тут маецца на ўвазе не толькі інфармацыя пра злачынствы. Канешне, распазнаваць праўду і факты – гэта сутнасць, але празрыстасць – значыць ведаць, што дакладна рабіць для адказу, з дапамогай якіх працэдураў Касцёл можа супрацьстаяць на ўсіх узроўнях такім сітуацыям, якія меры прымае, якія наступствы будуць для вінаватых і г.д. Такім чынам, касцёльная і грамадская супольнасць пачынае ўсведамляць, што ёсць не толькі віна і злачынства, але цэлы шлях, у які супольнасць уцягнута свядома і праз які яна адказвае на гэтыя праблемы.

Важныя крокі, зробленыя пасля "Нарады" 2019 года

Калі "Нарада" павінна была стаць агульным пунктам адліку, то неабходна прызнаць: пасля яе былі зроблены насамрэч шматлікія крокі для рэалізацыі галоўных задач, агучаных Папам і кіраўніцтвам Касцёла. Што мы маем на ўвазе?

Перш за ўсё ўжо ў канцы сакавіка 2019 г. былі апублікаваны новыя законы і ўказаннi для Ватыкана і Святога Пасаду, якія датычаць злоўжыванняў не толькі супраць непаўналетніх, але і супраць "уразлівых асоб".

Пасля 9 мая 2019 г. быў апублікаваны новы вельмі важны дакумент для ўсяго Касцёла, motu proprio Vos estis lux mundi (Вы – святло свету), якім Пантыфік загадаў, каб ва ўсіх дыяцэзіях была арганізавана сістэма прыняцця заяў аб злоўжываннях і наладжаны працэдуры расследавання. І не толькі гэта: Папа ўвёў абавязак для ўсіх святароў і кансэкраваных асоб паведамляць пра кожнае вядомае злоўжыванне і заклікаў рабіць гэта ўсіх свецкіх. Цяпер усе святары і сёстры абавязаны заяўляць аб кожным выпадку злоўжывання ў адносінах да непаўналетніх і ўсіх уразлівых асоб.

Таксама і свецкія запрошаны рабіць гэта пры неабходнасці. Яны павінны ведаць дакладнае месца, дзе могуць скласці такую заяву. Гэта вельмі рашучы крок. Натуральна, трэба правяраць, ці выпадак адпавядае практыцы, але гэта ўжо справа касцёльнага заканадаўства. Магчыма, гэта самы важны крок з боку Папы за апошнія 20 гадоў. І не толькі гэта: згаданым законам была ўстаноўлена працэдура, якая датычыць самых высокапастаўленых асоб – вышэйшых настаяцеляў, біскупаў, кардыналаў... – не толькі ў выпадках злоўжыванняў, але і ў сітуацыях утойвання злачынстваў. Такім чынам, тэмы адказнасці і ўсведамлення праблемы былі пастаўлены вельмі радыкальна.

Акрамя таго, у снежні 2019 г. была адменена "папская таямніца" адносна дзеянняў, звязаных з сексуальнымі злоўжываннямі, і гэта дазваляе супрацоўнічаць з дзяржаўнымі органамі дакладна і свабодна. Такім чынам падкрэсліваецца "празрыстасць". Далей у ліпені 2020 г. быў апублікаваны вядомы Vademecum, як адзін з неабходных вынікаў "Нарады" 2019 г. Гэта вельмі змястоўны дакумент, складзены Кангрэгацыяй Веравучэння. Ён не агучвае вялікіх навін, але сістэматызуе і дае дакладнае тлумачэнне важных момантаў. (Дакумент) прызначаны для выкарыстання кожным біскупам, кожным адказным, у ім паведамляецца, што трэба ведаць і што трэба рабіць у розных сітуацыях. Гэта інструмент, які сапраўды быў патрэбны. Пра яго публікацыю не апавяшчалася шырока, але Vademecum стаў адным з асноўных дакументаў, рэалізаваных на запыт "Нарады" 2019 г.

Сярод апошніх падзей варта адзначыць публікацыю новай рэдакцыі VI Кнігі Кодэксу кананічнага права ў Дзень Спаслання Духа Святога 2021 г. Яна змяшчае ў сабе крымінальнае права, дзе Касцёл па-новаму фармулюе і ўключае нормы, якія датычаць злоўжыванняў. Цяпер яны сабраны ў Кодэксе кананічнага права ўпарадкаваным чынам, раней жа заставаліся "раскіданымі" ў цэлым шэрагу дакументаў.

З упэўненасцю можна сцвярджаць, што менавіта гэтыя захады былі галоўнымі, якіх варта было чакаць ад Папы і Святога Пасаду пасля сустрэчы ў 2019 г. І яны былі рэалізаваныя.

Можна дадаць, што ў гэты ж перыяд, у лістападзе 2020 г., была апублікавана аб'ёмная праца "Справаздача МакКарыка". Яна стала вынікам вывучэння, па волі Папы, гісторыі вельмі сур'ёзнага скандалу, які ўзрушыў Касцёл ЗША і ўвесь Касцёл: як сталася магчымым тое, што вінаваты ва злоўжываннях дасягнуў вяршыні касцёльнай іерархіі – стаў арцыбіскупам Вашынгтона і кардыналам? Гэту публікацыю можна разглядаць як балючы, але вельмі адважны крок у напрамку празрыстасці, жадання ўсведамлення злачынства і адказнасці на вышэйшым узроўні Касцёла.

Такім чынам, мы стаім перад велізарнай праблемай, складанай і балючай, якая датычыць даверу да Касцёла. Але няпраўда тое, што нічога не было зроблена або што робіцца зусім мала. Трэба і варта з упэўненасцю сказаць, што паўсюдны Касцёл супрацьстаяў і супрацьстаіць дадзенай праблеме, зрабіў неабходныя крокі, устанавіў нормы, працэдуры і правілы, каб дзейнічаць правільна.

Шлях перад намі: ад норм да практыкі

Нельга сказаць, што было зроблена ўсё. Як вядома, адна справа ўстанавіць нормы, а іншая – змяніць рэальнасць, ужываючы іх на практыцы. Нарада Касцёла ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе, што пройдзе ў Варшаве ў верасні на тэму абароны непаўналетніх і ўразлівых асоб, будзе мець менавіта такі пасыл. Насамрэч, у кожным рэгіёне, які з гістарычнага і культурнага пункту гледжання мае агульныя цяжкасці і праблемы, нам трэба паразважаць пра тое, дзе мы знаходзімся і якія канкрэтныя спосабы існуюць для эфектыўнага ўвасаблення ў жыццё прынцыпаў Паўсюднага Касцёла. У некаторых рэгіёнах гэта было зроблена: напрыклад, каля года таму адбылася вялікая канферэнцыя ў Лацінскай Амерыцы, у Мексіцы. Пандэмія, аднак, парушыла або выклікала затрымку рэалізацыі многіх праграм. Тое, што розныя кантыненты і рэгіёны ажыццяўляюць або ўжо ажыццявілі, прыведзена ў праграме сустрэчы для Касцёла ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Таму гэта фундаментальны крок агульнага падарожжа Паўсюднага Касцёла, які з улікам сваёй спецыфікі датычыцца гэтай геаграфічнай, культурнай і касцёльнай вобласці.


Замест падсумавання

Шмат зроблена на ўзроўні агульных нарматыўных прававых актаў, а таксама на ўзроўні канкрэтнага вопыту. У некаторых частках больш, у некаторых – менш. Сустрэча неабходна для распаўсюджвання ведаў і разумення канкрэтных і эфектыўных спосабаў барацьбы з праблемамі. Мы на шляху і застанемся на ім – на шляху, які, па сутнасці, дастаткова зразумелы, па якім неабходна рухацца хутка і ўпэўнена, каб лячыць пакуты, гарантаваць справядлівасць, прадухіляць злоўжыванні, аднаўляць давер і аўтарытэт супольнасці Касцёла ўнутры яго і ў яго місіі на карысць свету.

27 жніўня 2021, 09:05