Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Бразілія развівае фармацыю місіянераў з Амазоніі

У Бразіліі пачала дзейнічаць спецыяльная тэалагічная школа для падрыхтоўкі пастаянных дыяканаў, катэхетаў і душпастырскіх работнікаў з ліку прадстаўнікоў карэнных народаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Праект быў ініцыяваны Канферэнцыяй Біскупаў Бразіліі на падставе вынікаў Сінода Біскупаў па Амазоніі, які ў 2019 г. прайшоў у Ватыкане. Навучальная ўстанова была адкрыта 8 ліпеня 2021 г. у штаце Мараньян на паўночным усходзе краіны.

Адзначаецца, што новая тэалагічная школа “безумоўна адказвае на мару папы Францішка пра місію Касцёла” ў амазонскім рэгіёне, якая была прадстаўлена ў паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі Querida Amazonia і ахоплівае розныя сферы: культуру, экалогію і касцёльнае жыццё.

“З самага пачатку свайго пантыфіката папа Францішак звяртае ўвагу на важнасць таго, каб Касцёл выходзіў насустрач людзям, накіроўваўся да супольнасцей, слухаў іх і разам з імі ствараў новыя шляхі”, - падкрэслілі бразільскія біскупы.

На іх думку, новая навучальная ўстанова не будзе падобнай на фармацыйныя структуры, якія ўжо існавалі раней і дзе выкладчыкі перадавалі студэнтам тэарэтычныя, абстрактныя веды. Тут навучэнцам будзе прапанавана інкультураваная праграма, якая пастаянна будзе абнаўляцца.

“Рэформа, якую праводзіць папа Францішак, накіравана на тое, каб Касцёл разбураў муры і будаваў масты, выходзячы насустрач усім, асабліва бедным, тым, хто жыве на геаграфічных і экзістэнцыяльных перыферыях, забытым і пакінутым, хворым, роспачным, галодным і беспрацоўным, насустрач тым, “хто стаміўся крычаць, бо іх крык не цікавіць нікога”, - адзначылі ініцыятары праекту.

Святы Айцец марыць пра Касцёл, які будзе прыцягваць да сябе бескарыслівай і нястомнай любоўю, без спрэчак адносна законаў і дысцыпліны, без асуджэння, але, прывабліваючы міласэрнасцю, бо “збаўляе толькі міласэрнасць”, - падкрэслілі бразільскія біскупы ў пасланні з нагоды адкрыцця тэалагічнай школы для місіянераў з Амазоніі. Яны выказалі спадзяванне, што такія цэнтры будуць памнажацца ва ўсім рэгіёне.
 

13 жніўня 2021, 11:40