Пошук

Vatican News
11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Росіцы Віцебскай дыяцэзіі прайшлі традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар мучанікаў Другой сусветнай вайны святароў марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры. З гэтай нагоды цэлебрацыю св. Імшы апоўначы 7 жніўня 2021 г. у санктуарыі ўзначаліў Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Галоўнай заслугай росіцкіх святароў пастыр назваў тое, што ў найбольш трагічны момант яны сваёй прысутнасцю з людзьмі дазволілі ім адчуць блізкасць Бога. У літургіі ўзяў удзел Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, які таксама належыць да законніцкай супольнасці марыянаў. Пасля Імшы прысутныя вырушылі працэсіяй на месца мучаніцкай смерці росіцкіх жыхароў і святароў.

Пры санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Езуса Журботнага ў Росі адбыліся першыя ў Беларусі супольныя рэкалекцыі для сясцёр з розных манаскіх кангрэгацый, якія працуюць у Беларусі. У духоўных практыкаваннях, арганізаваных 1-7 жніўня 2021 г. па ініцыятыве Рады Каардынацыйнай Групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі, узялі ўдзел прадстаўніцы дзевяці манаскіх кангрэгацый з усіх дыяцэзій. Духоўныя практыкаванні для сясцёр праводзіў кс. Артур Ляшнеўскі, салезіянін.

У каталіцкія семінарыі Беларусі сёлета паступілі сем юнакоў. 9 жніўня 2021 г. у будынку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў Мінску адбыўся другі тур уступнага экзамену ў Вышэйшыя духоўныя семінарыі ў Гродне і Пінску. Па двое кандыдатаў залічаны ў абедзве навучальныя ўстановы. Нагадаем, па выніках першага туру, які адбыўся ў ліпені, студэнтамі гродзенскай семінарыі сталі трое кандыдатаў.

Другая прыватная пілігрымка каталіцкіх вернікаў з Мазыра ў Гомель адбылася 9-14 жніўня 2021 г. Пад кіраўніцтвам а. Леанарда Адушкевіча, пробашча гомельскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, ў шлях выйшлі 17 чалавек. Яны неслі з сабой абразы Маці Божай Чэнстахоўскай і Маці Божай Гомельскай – копію апошняй іконы напісала вядомая мастачка Ядвіга Сянько. Завяршылася пілігрымка ў капліцы на месцы будаўніцтва новага касцёла ў Гомелі – Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – напярэдадні парафіяльнага фэсту.

У старадаўнім касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе адноўлены гістарычны орган. Як распавёў беларускі арганолаг Аляксандр Бурдзялёў, у 2020-2021 гг. у храме вёўся капітальны рамонт і рэстаўрацыя аргана, вырабленага ў Польшчы ў 1939 г. Ініцыятарам і асноўным спонсарам рэстаўрацыі інструмента быў Юрый Зісер – заснавальнік партала Tut.by. Як патлумачыў Аляксандр Бурдзялёў, працяглыя падрыхтоўчыя працы пачаліся яшчэ пры жыцці Юрыя ў 2019 г., а асноўны этап работ быў пачаты ўжо праз некалькі месяцаў пасля яго смерці. Лідзкі арган на працягу доўгага часу знаходзіўся ў непрацоўным стане, меў значныя пашкоджанні механізмаў і страты труб. Асвячэнне і прэзентацыя інструмента адбудзецца ў першай палове верасня, а ўжо зараз у рамках набажэнстваў і прыватных экскурсій арган гучыць штодня.

Аднавілася перэгрынацыя фігуры св. Арханёла Міхаіла па парафіях Беларусі. Пра гэта распавёў ініцыятар, кс. канонік Ігар Лашук, пробашч касцёла ў Стоўбцах. 11 жніўня 2021 г. фігуру Арханёла Міхала ён прывёз у парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Новы Двор Шчучынскага раёна на Гродзеншчыне. "Інтэнцыя перэгрынацыі, якая пачалася ў 2018 г., – "вялікая малітва за Беларусь". Сёння мы бачым, як патрэбна гэтая інтэнцыя. Бачым, колькі трэба маліцца", - адзначыў стаўбцоўскі пробашч. Дарэчы, біскуп Аляксандр Яшэўскі падарыў біскупскі крыж для фігуры святога Арханёла Міхала, якая падарожнічае па Беларусі – як воту падзякі.

Падрыхтавана паводле catholic.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.
 

14 жніўня 2021, 09:41