Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

Чацвёрты том Літургіі гадзінаў на беларускай мове стаў даступны ў лічбавым варыянце. Выданне летась у форме кнігі чацвёртага тома завяршыла шматгадовую працу над перакладам і публікацыяй брэвіярыя. "Наша эпоха пазначана лічбавымі тэхналогіямі, - адзначыў старшыня Камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў біскупскай канферэнцыі Беларусі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. - Касцёл ідзе ў нагу з часам і ўсё часцей выкарыстоўвае іх у пастырскай практыцы. Упэўнены, што лічбавы варыянт Літургіі гадзінаў будзе спрыяць паглыбленню штодзённай малітвы духавенства і свецкіх".

У Віцебску адбыўся крадзеж на будоўлі касцёла св. Ігнацыя. У ноч з 29 на 30 ліпеня 2021 г. невядомыя асобы праніклі ў будынак касцёла, паабразалі і скралі правады электраправодкі і акустычнай сістэмы. Каб направіць учыненую шкоду, магчыма, будзе неабходным ізноў пракладаць камунікацыі. Як адзначаецца ў паведамленні курыі, крадзеж адбыўся ў ноч перад афіцыйным днём завяршэння будаўнічых работ, прызначаным на 31 ліпеня – літургічны ўспамін св. Ігнацыя Лаёлы. На будоўлі працуе група Следчага камітэту.

У Тракелях арганізавалі два незвычайных свята – першае, конкурс аматараў рыбнай лоўлі, прайшоў 24 ліпеня 2021 г. У гэты дзень у дыяцэзіяльным санктуарыі сабраліся энтузіясты вуды. Св. Імшу ў інтэнцыі ўдзельнікаў цэлебраваў кусташ санктуарыя, кс. Юрый Бяганскі. Затым распачалося воднае паляванне, у якім на працягу дзвюх гадзін спаборнічалі прадстаўнікі некалькіх дэканатаў. А назаўтра, з нагоды ўспаміну св. Крыштафа, у Тракелях сабраліся аўта- і мотааматары, байкеры, уладальнікі рэтрааўтамабіляў. Яны мелі магчымасць не толькі памаліцца ў дзень апекуна кіроўцаў, але i прадэманстраваць свой унікальны аўтамабіль ці матацыкл.

У Гомелі стартуюць вулічныя кінапаказы пры касцёле. У парафіі пачынаюць ладзіць кінапаказы пад адкрытым небам пры падтрымцы мясцовага кінаклуба. Пры добрым надвор'і сеансы будуць праходзіць у двары касцёла праз нядзелю. Першы паказ запланаваны на 1 жніўня 2021 г. Гледачам прапануюць папулярныя, добрыя стужкі, якія нясуць карысць для душы.

Першы агульнабеларускі з’езд сем’яў Асацыяцыi Найсвяцейшай Сям’i з Назарэта прайшоў у Навагрудку. 24 ліпеня на сустрэчы сабралася каля 40 сем’яў з Гродна, Ліды, Навагрудка, Маладзечна, Глыбокага і Мінска, прысутнічалі душпастыры Асацыяцыі і кіраўніцтва беларускай правінцыі сясцёр назарэтанак. У агульнай колькасці з’езд сабраў каля 60 дарослых і 80 дзяцей. Сустрэча ўпершыню аб’яднала большасць сем’яў з розных гарадоў Беларусі, якія наведваюць фармацыйныя сустрэчы Асацыяцыі. Удзельнікі падвялі вынікі дзесяцігадовай працы.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.
 

31 ліпеня 2021, 11:42