Пошук

Vatican News
Ікона X Сусветнай сустрэчы сем'яў Ікона X Сусветнай сустрэчы сем'яў 

Прадстаўлена ікона X Сусветнай сустрэчы сем'яў

29 ліпеня 2021 г. была прадстаўлена ікона X Сусветнай сустрэчы сем'яў, запланаванай на 22-26 чэрвеня 2022 г. у Рыме. Раней з’явіліся малітва і лагатып форума.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На іконе аўтарства кс. Марка Івана Рупніка, мастака і тэолага, – падзея цудоўнага ператварэння вады ў віно, што Езус здзейсніў на просьбу сваёй Маці ў Кане Галілейскай. “Гэта вялікая таямніца” – так называецца кампазіцыя, якая спасылаецца на словы св. Паўла з Паслання да Эфесцаў, дзе, пішучы пра сужэнства, ён параўноўвае адносіны паміж мужам і жонкай да адносін паміж Хрыстом і Яго Нявестай Касцёлам.

Злева на іконе, выкананай у цёплых тонах, – сямейная пара, схаваная за заслонай. Слуга, які разлівае віно, мае твар з рысамі св. Паўла. Ён адкрывае заслону рукой і, маючы на ўвазе пару, кажа: "Гэта вялікая таямніца, і я кажу пра Хрыста і Касцёл".

“У Кане, - патлумачыў кс. Рупнік, - ператварэнне вады ў віно адкрывае гарызонты сакрамэнту: пераходу ад віна да крыві Хрыста”. На самой справе на здымку св. Павел вылівае кроў, якую нявеста збірае ў кубак. “Я спадзяюся, - сказаў іканапісец, - што гэты маленькі вобраз дапаможа нам зразумець, што для нас, хрысціян, сям'я з'яўляецца выразам Сакрамэнту”, і гэта цалкам змяняе яе сэнс, бо “сакрамэнт заўсёды ўключае ў сябе ператварэнне”.
 

29 ліпеня 2021, 14:29