Пошук

Vatican News
Кардынал Ларан Мансэнгва Пасінья Кардынал Ларан Мансэнгва Пасінья  (AFP or licensors)

Папа пра ўклад памерлага кардынала Мансэнгва ў жыццё Касцёла

Вялікі ўклад арцыбіскупа-эмерыта Кіншасы, кардынала Ларана Мансэнгва Пасіньі быў падкрэслены Святым Айцом у спачувальнай тэлеграме на імя яго пераемніка, кардынала Фрыдаліна Амбонга Бесунгу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак выказаў глыбокае спачуванне родным памерлага, духавенству і вернікам дыяцэзій Інонга, Кісангані і Кіншасы, пастырам якіх ён быў. Папа назваў кардынала Мансэнгва чалавекам навукі і духоўнасці, “Пастырам, надзвычай адданым служэнню Касцёлу”.

“Адчувальны да патрэб вернікаў, поўны адвагі і рашучасці, кардынал Мансэнгва прысвяціў сваё святарскае і біскупскае жыццё інкультурацыі веры і выбару на карысць бедных. Такім чынам ён увасабляў прарочую місію Касцёла. Як чалавек справядлівасці, міру і адзінства, ён глыбока імкнуўся да інтэгральнага чалавечага развіцця ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Кардынал Мансэнгва быў выдатнай і паважанай асобай у касцёльным, грамадскім і палітычным жыцці нацыі, заўсёды ўдзельнічаў у дыялогу і прымірэнні свайго народа. Яго ўклад быў важным для прагрэсу краіны. Верны і цесны супрацоўнік у апошнія гады, ён уносіў пастаянны ўклад у жыццё паўсюднага Касцёла”, - напісаў Францішак у спачувальнай тэлеграме.

На сённяшні дзень у Калегію кардыналаў уваходзіць 221 іерарх, у тым ліку 124 з правам удзелу ў магчымым канклаве.
 

13 ліпеня 2021, 14:34