Пошук

Vatican News
Падчас Летняй школы тэалогіі ў Дуброўніку Падчас Летняй школы тэалогіі ў Дуброўніку 

Форум маладых каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх тэолагаў

Харвацкі Дуброўнік зноў прыняў Летнюю школу тэалогіі. У старажытным горадзе на ўзбярэжжы Адрыятыкі другі раз прайшла сустрэча дзясяткаў студэнтаў каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай тэалогіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Мэта форума – стварэнне прасторы для дыялогу паміж хрысціянамі. Сёлетняя тэма гучала так: “Вера і палітыка. Хрысціяне ў палітычнай прасторы”.

Інаўгурацыю Летняй школы тэалогіі ўрачыста правёў у 2019 г. арцыбіскуп Матэ Узініч, яе арганізатарам стала дыяцэзіяльная Рада па культуры і навуцы. Удзельнікі – студэнты і аспіранты з Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Славеніі і Чарнагорыі.

“Наша сустрэча – гэта не проста пасіўнае слуханне лекцый, але жывая дыскусія па актуальных і важных для Касцёла і грамадства пытаннях”, - адзначыў арцыбіскуп Узініч у інтэрв'ю Vatican News. На яго думку, у публічнай прасторы – шмат зместу, але мала дыялогу. "Вырашэнне многіх праблем патрабуе пабудовы міжасобасных адносін, а не проста абмену думкамі", - мяркуе іерарх, які быў пастырам дыяцэзіі Дуброўнік у 2011-2020 гг., а ў цяперашні час з'яўляецца арцыбіскупам-каад'ютарам Рыекі.

“У нашай тэалагічнай школе мы хочам данесці да будучых тэолагаў, што плюралізм думкі і свабода тэалагічных разважанняў – не нашы ворагі, а рэсурс, які дае магчымасць прапаноўваць свету – у святле Евангелля – хрысціянінскі адказ. Таму мэтай з'яўляецца дапамога будучым тэолагам з розных хрысціянскіх канфесій у Паўднёва-Усходняй Еўропе, дзе пастаянна пераплятаюцца рэлігійныя, палітычныя і нацыянальныя праблемы, у пабудове больш справядлівага, адкрытага і чалавечага грамадства і супольнасці”, - патлумачыў арцыбіскуп Узініч.

Іерарх нагадаў пра задачу тэолагаў – не заглушаць галасы, якія могуць адрознівацца ад нашых, а заставацца сапраўдным і прарочым голасам сярод розных пазіцый. “Каб гэта адбылося, мы павінны перастаць разглядаць разнастайнасць у нашым хрысціянскім свеце як пагрозу і небяспеку", - падкрэсліў харвацкі іерарх.
 

28 ліпеня 2021, 12:41