Пошук

Кардынал Паралін падчас св. Імшы ў берлінскай катэдры Кардынал Паралін падчас св. Імшы ў берлінскай катэдры 

Дзяржсакратар з афіцыйным візітам у Германіі

З нагоды 100-годдзя дыпламатычных адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Германіяй кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы, здзейсніў афіцыйны візіт у Берлін.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца сустрэўся з Канцлерам Германіі Ангелай Меркель, Прэзідэнтам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, правёў нараду з нямецкімі каталіцкімі іерархамі і кіраўнікамі касцёльных дабрачынных арганізацый. 

Ва ўрачыстасць св. Пятра і Паўла, якая адзначалася 29 чэрвеня, кардынал Паралін узначаліў св. Імшу ў берлінскай катэдры св. Яна. У гаміліі ён нагадаў пра значэнне падзення Берлінскай сцяны, сімвалу краху камуністычнай сістэмы ў Еўропе, для аб’яднання нямецкага народу, а таксама пра 25-гадавіну беатыфікацыі св. Янам Паўла ІІ кс. Бернхарда Ліхтэнберга, мужнага абаронцы яўрэяў, які падвяргаўся пераследу нацыстаў і загінуў пры нявысветленых абставінах па дарозе ў канцлагер Дахаў, і кс. Карла Лейснера, крытыка палітыкі Гітлера, які патаемна атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў Дахаў і памёр праз некалькі месяцаў пасля вызвалення. Сярод важных падзей кардынал Паралін нагадаў пра 10-годдзе візіту Бэнэдыкта XVI у Берлін і яго выступленне ў Бундэстагу.

Кардынал Паралін падчас св. Імшы ў берлінскай катэдры
Кардынал Паралін падчас св. Імшы ў берлінскай катэдры

Дзяржасакратар заўважыў, што “Пан прагне не толькі таго, каб мы ішлі Яго шляхам, але, каб ішлі ім разам, у сінодзе, згодна з літаральным значэннем гэтага паняцця”. Ён падкрэсліў, што святыя Пётр і Павел былі рознымі, але нягледзячы на гэта, былі адзінымі ў вызнанні Хрыста, а сустрэча з Богам радыкальна змяніла іх задумы і неймаверна пашырыла іх гарызонт.

Кардынал П'етра Паралін падчас візіту ў Берлін
Кардынал П'етра Паралін падчас візіту ў Берлін

30 чэрвеня кіраўнік ватыканскай дыпламатыі прыняў удзел у сімпозіўме на тэму “Рым у Берліне”, прысвечаным 100-годдзю дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Германіяй. Форум быў арганізаваны Берлінскім універсітэтам імя Гумбальта, Апостальскай нунцытурай у Германіі і Нямецкай каталіцкай акадэміяй.

Апостальская Сталіца і Германія маюць дыпламатычныя стасункі з 1920 г. Першым нунцыем у гэтай краіне быў арцыбіскуп Эўджэніа Пачэлі, будучы папа Пій ХІІ. Святкаванне юбілею было адкладзена на 2021 г. у сувязі з пандэміяй каронавіруса.
 

01 ліпеня 2021, 12:08