Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Fides: наўмысныя напады вайсковай хунты на касцёлы ў М’янме

З М’янмы працягваюць паступаць навіны аб чарговых нападах вайскоўцаў на каталіцкія будынкі. Паводле мясцовых місіянераў гаворка ідзе пра від рэпрэсій супраць Касцёла за дапамогу бежанцам.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На працягу некалькіх апошніх тыдняў у М’янме былі знішчаны пяць касцёлаў. Аб’ектам нападу стала таксама каталіцкая вышэйшая духоўная семінарыя, у якой хаваліся каля 1300 бежанцаў.

7 чэрвеня вайскоўцы абстралялі каталіцкі касцёл у мястэчку Дэмоса. На шчасце ніхто не пацярпеў, але будынак святыні быў значна пашкоджаны. Пад агонь трапілі таксама суседнія дамы, у якіх пражываюць каля 800 каталіцкіх сем’яў. У размешчаным побач з касцёлам каталіцкім прытулку для састарэлых асобаў, у гэты час знаходзіліся каля 150 бежанцаў, сярод якіх пажылыя людзі, жанчыны і дзеці. Ватыканскае інфармацыйнае агенцтва Fides паведамляе пра “наўмысныя напады бірманскай вайсковай хунты”.

Паводле каталіцкіх місіянераў, якія працуюць у штаце Кая, дзе ажыццяўляцца агрэсіўная вайсковая аперацыя па падаўленні пратэстаў і пераследзе іншадумства, каля 300 тыс. чалавек патрабуе неадкладнай гуманітарнай дапамогі. Мясцовыя езуіты заяўляюць пра тое, што напады на каталіцкія святыні з’яўляюцца адной з форм рэпрэсій, мэта якіх заключаецца ў тым, каб прымусіць Касцёл спыніць аказанне дапамогі бежанцам.
 

08 чэрвеня 2021, 11:29