Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

Беларускія вернікі моляцца навэннай да Маці Божай Будслаўскай. З 23 чэрвеня па 1 ліпеня 2021 г. праходзіць адмысловая дзевяцідзённая малітва ў інтэнцыі хутчэйшай адбудовы пашкоджанага пажарам Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе. Тым часам на аднаўленне святыні фізічныя і юрыдычныя асобы сабралі ўжо звыш за 800 тыс. рублёў, у тым ліку, дзякуючы пасольству Францыі ў Беларусі, якое арганізавала дабрачынны вечар па зборы сродкаў на будслаўскую святыню. Удзельнічалі ў мерапрыемстве прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса з розных краін, а таксама міжнародных арганізацый – МФВ і ААН. Сярод ганаровых гасцей былі і прадстаўнікі некалькіх канфесій. Падчас дабрачыннага вечара было сабрана амаль 12 тыс. рублёў.

У навагрудскім касцёле св. Міхала Арханёла асвяцілі адноўлены алтар Святога Крыжа, які разам з будынкам касцёла знішчылі бальшавікі пасля Другой сусветнай вайны. У суботу 19 чэрвеня 2021 г. асвячэнне здзейсніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі падчас урачыстай св. Імшы іерарх адзначыў, што алтар – гэта сімвал Хрыста, які стаў адначасова святаром, алтаром і ахвярай адкуплення чалавека: “Гэта Ягоны Крыж, на якім Ён ахвяруецца за нашыя грахі. Гэта Яго пустая магіла і Яго ўваскрасенне”. Арцыбіскуп дадаў, што “неабходна як мага часцей набліжацца да алтара, на якім нараджаецца і адорвае сваёй ласкай Хрыстус, каб мы былі здольнымі несці крыж нашага жыцця і з надзеяй ішлі ў будучыню”.

Вандроўка з людзьмі з інваліднасцю адбылася ў Браслаўшчыне. Сёстры- эўхарысткі разам з дарослымі з Цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Браславе, у суботу 19 чэрвеня 2021 г. наведалі святыні ў Дрысвятах, Мілюнцах і Пагошчы. У вандроўцы ўдзельнічалі 16 чалавек. Удзельнікаў паездкі благаславіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, якога яны выпадкова сустрэлі ў Дрысвятах. Раней група людзей з інваліднасцю з дапамогай сясцёр-эўхарыстак наведвала святыні ў Відзах, Далёкіх і Опсе.

Грэка-католікі Мінска маліліся аб вечным жыцці для Васіля Быкава. У парафіі святога Праведнага Язэпа штогод 19-25 чэрвеня моляцца аб вечным супакоі для знакамітага беларускага пісьменніка. Ён адышоў у вечнасць у Мінску 22 чэрвеня 2003 г. У апошні перыяд жыцця літаратар быў духоўна звязаны з мясцовай грэка-каталіцкай парафіяй. Пахавальныя абрады пасля яго смерці правёў а. Андрэй Абламейка з удзелам кс. Уладзіслава Завальнюка. Васіль Быкаў быў пахавана 25 чэрвеня 2003 г. на мінскіх Усходніх могілках паводле грэка-каталіцкага абраду.

Усебеларуская сустрэча Францішканскага ордэна свецкіх прайшла ў Тракелях у Гродзенскай дыяцэзіі. У санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў удзельнікі сустрэчы на працягу ночы 19-20 чэрвеня 2021 г. маліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Свецкія духоўныя паслядоўнікі св. Францішка Асізскага, прасілі за сем’і краіны, каб яны былі моцныя Богам, і аб развіцці дзейнасці Францішканскага ордэну свецкіх у Беларусі. Галоўным момантам сустрэчы стала Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў канцлер гродзенскай курыі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч.

Мінскі тэалагічны каледж імя святога Яна Хрысціцеля праводзіць набор на наступны навучальны год. Рэгістрацыя кандыдатаў адбываецца з 25 чэрвеня па 25 жніўня 2021 г. Для рэгістрацыі неабходна запоўніць анлайн-форму, а ўсе дакументы, неабходныя для паступлення, прынесці на ўступны экзамен, які адбудзецца 28 жніўня.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by, сatholicnews.by і ўласнай інфармацыі.
 

26 чэрвеня 2021, 08:47