Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая сёлета адзначалася 3 чэрвеня 2021 г., у архікатэдральным касцёле ў Мінску адбылася ўрачыстая св. Імша, пасля якой на плошчы перад катэдрай прайшла эўхарыстычная працэсія. Ужо другі год запар яна праводзілася з абмежаваннямі, выкліканымі пандэміі. Цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які заклікаў вернікаў адкрыць сэрцы Езусу, што прыходзіць у Эўхарыстыі. Набажэнства завяршылася супольным выкананнем беларускага духоўнага гімна “Магутны Божа”. Агульнагарадская працэсія Божага Цела ў Мінску адбудзецца на прыкасцельнай тэрыторыі парафіі Святой Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў нядзелю 6 чэрвеня. У Магілёве ў гэты дзень эўхарыстычная працэсія пройдзе па вуліцах горада.

У Гродне агульнагарадской працэсіі Божага Цела не адбылося – звычайна тысячы вернікаў з усіх гродзенскіх парафій разам праходзілі па вуліцах горада, даючы сведчанне сваёй веры. Сёлета, з прычыны пандэміі, на ўрачыстай св. Імшы ў катэдры прысутнічалі толькі мясцовыя парафіяне. Цэлебраваў Эўхарыстыю Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі ён, між іншым, зазначыў, што “той, хто прагне спазнаць Езуса ў Камуніі рэцэптарамі смаку, застанецца насычаны толькі хлебам, а той, хто прымае Яго сэрцам, наталяе душу моцай Божай”.

Зацверджаны пераклад на беларускую мову новых заклікаў у Літаніі да св. Юзафа. 1 мая 2021 г. Францішак “абнавіў” яе тэкст, уключыўшы сем новых зваротаў, узятых з разважання Пантыфікаў над аспектамі асобы апекуна Паўсюднага Касцёла. У перакладзе, зацверджаным беларускім епіскапатам, яны гучаць так: Ахоўнік Адкупіцеля, Слуга Хрыста, Слуга збаўлення, Падтрымка ў цяжкасцях, Апякуне выгнаннікаў, Апякуне церпячых, Апякуне бедных.

У Віцебску падвялі вынікі дыяцэзіяльнага конкурсу для дзяцей на веданне Святога Пісання – у ім упершыню ўдзельнічалі дзеці не толькі з парафій Віцебскай дыяцэзіі, але і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Усяго – 47 дзяцей з 18 парафіяльных супольнасцей. Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які цэлебраваў св. Імшу ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў сустрэчы, адзначыў, што кожны, хто браў удзел у гэтым конкурсе, ужо перамог, бо глыбей адкрыў для сябе Божае Слова і таму бліжэй пазнаў Хрыста. Не толькі пераможцы, але ўсе ўдзельнікі і іх катэхеты атрымалі дыпломы і падарункі ад Caritas Лінц (Аўстрыя).

Сталічная парафія святога Сымона і святой Алены ў Мінску па ініцыятыве яе пробашча кс. Уладзіслава Завальнюка арганізуе пілігрымку па Беларусі з копіямі найбольш славутых сярод католікаў нашай краіны абразоў Багародзіцы. Незвычайная пілігрымка-перэгрынацыя распачнецца ў Гродне 12 чэрвеня 2021 г. Абразы будуць дастаўлены з Мінска ў гродзенскую катэдральную базыліку святога Францішка Ксавэрыя, а потым іх правязуць аўтамабільнымі дарогамі ўздоўж межаў краіны. Па просьбе епіскапату, пілігрымка будзе здзяйсняцца выключна на аўтамабілях. Пасля заканчэння пілігрымкі абразы будуць знаходзіцца ў гродзенскай катэдры на працягу тыдня.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by, сatholicnews.by і ўласнай інфармацыі.
 

05 чэрвеня 2021, 09:26