Пошук

Vatican News
Ян Павел ІІ і Міхаіл Гарбачоў Ян Павел ІІ і Міхаіл Гарбачоў 

Новая кніга пра адраджэнне Касцёла пасля распаду СССР

18 чэрвеня 2021 г. ў Рыме была прадстаўлена кніга “Ян Павел ІІ і Каталіцкі Касцёл у Савецкім Саюзе і краінах, якія ўзніклі пасля яго распаду” (Giovanni Paolo II e la Chiesa cattolica in Urss e nei Paesi sorti dalla sua dissoluzione).

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кніга выйшла ў кантэксце 100-годдзя з дня нараджэння св. Яна Паўла ІІ пад рэдакцыяй кс. Яна Мікрута, тэолага і гісторыка, выкладчыка факультэта гісторыі і культурнай спадчыны Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта. Яна паўстала на аснове доўгіх архіўных даследаванняў і паказвае ролю Пантыфіка ў адраджэнні Касцёла на тэрыторыі былога СССР.

У прэзентацыі выдання бралі ўдзел: кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, кардынал Сігітас Тамкявічус, арцыбіскуп-эмерыт Каўнаскі, Мітрапаліт Іаан (Рошчын), прадстаўнік Рускай Праваслаўнай Царквы.

У каментары для Vatican News кс. Мікрут заўважыў, што па ўзроўні рэлігійнай свабоды СССР можна было падзяліць на тры абшары. Да першага ён аднёс Літву, Латвію і Эстонію, дзе Касцёл меў адносна большую свабоду ў параўнанні з іншымі тэрыторыямі Савецкага Саюза. Менавіта тут – у Каўнасе і Рызе – знаходзіліся дзве духоўныя семінарыі, у якіх маглі вучыцца будучыя святары з усяго СССР. Аднак паступленне ў гэтыя ўстановы строга рэгулявалася камуністычнымі ўладамі, а колькасць клерыкаў значна абмяжоўвалася.

Да другога абшару даследчык аднёс Беларусь, Украіну і еўрапейскую частку Расіі, дзе адбываўся больш моцны антырэлігійны пераслед. Пасля 1945 г. тут не засталося ніводнага каталіцкага біскупа, а душпастырства ажыццяўлялася невялікай колькасцю святароў, якія служылі ў вельмі складаных умовах. Нарэшце, трэці абшар – гэта ўся астатняя тэрыторыя СССР, дзе зусім не было адкрытых каталіцкіх касцёлаў і святароў, якія б мелі дазвол на ажыццяўленне душпастырскай дзейнасці, але якія працягвалі служыць падпольна, калі гэта было магчыма.

Кс. Мікрут заўважыў, што важную ролю для адраджэння Касцёла на тэрыторыі былога Савецкага Саюза адыгралі ініцыятывы, дакументы і энцыклікі Яна Паўла ІІ, а таксама ўстанаўленне дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і гэтымі рэспублікамі.

Збліжэнне распачалося ў 1988 г. са святкавання тысячагоддзя хросту Кіеўскай Русі, у якім прымала ўдзел афіцыйная дэлегацыя Апостальскай Сталіцы. 1 снежня 1989 г. Міхаіл Гарбачоў адведаў Ватыкан, дзе сустрэўся з Янам Паўла ІІ, а пасля гэтага быў прызначаны дыпламатычны прадстаўнік Папы ў СССР, адноўлены структуры Касцёла, менаваны новыя біскупы. У кастрычніку 1990 г. у Савецкім Саюзе быў прыняты закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях, якім прызнаваўся таксама і Каталіцкі Касцёл.

Важнае значэнне для адраджэння каталіцкага жыцця на абшары былога СССР мелі падарожжы св. Яна Паўла ІІ у Літву, Латвію і Эстонію ў 1993 г., у Грузію ў 1999 г., ва Украіну, Казахстан і Арменію ў 2001 г. і ў Азербайджан у 2002 г. “Візіт Папы, пасля дзесяцігоддзяў пераследу з боку савецкай сістэмы, даваў гэтым народам магчымасць для выражэння свабоды сумлення і чалавечай годнасці... Пасля дзесяцігоддзяў зневажання рознымі праграмамі “атэізацыі” гэтыя народы маглі засведчыць вялікую радасць быцця вернымі Евангеллю і хрысціянскім прынцыпам”, - падкрэсліў кс. Мікрут.

Даследчык заўважыў, што збліжэнню з народамі, якія ўваходзілі ў склад СССР спадарожнічала развіццё экуменічнага дыялогу. У прыватнасці ён нагадаў пра энцыклікі Яна Паўла ІІ Slavorum Apostoli (1985), Ut Unum Sint (1995) і Апостальскі ліст Orientale lumen (1995), прысвечаныя адносінам з Праваслаўнай Царквой.
 

19 чэрвеня 2021, 11:43