Пошук

Vatican News
Кардынал Джордж Пэл Кардынал Джордж Пэл 

Кардынал Пэл: я жывы прыклад таму, што вучэнне Касцёла працуе

Часам я не разумеў, што робіць Провід, але заўсёды верыў, што Бог прысутнічае ва ўсіх гэтых падзеях, - прызнаўся кардынал Джордж Пэл, былы прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

80-гадовы іерарх даў інтэрв'ю Vatican News, у якім распавёў пра сваё зняволенне ў Аўстраліі. Яго накіравалі ў турму на падставе ілжывых абвінавачванняў у злоўжываннях. Апраўдальнага прысуду давялося чакаць 404 дні. Кардынал прызнаўся, што ў турме ён пераканаўся ў неабходнасці настойлівасці і важнасці самых асноўных рэчаў, такіх як вера і прабачэнне.

Падчас зняволення Пэл вырашыў напісаць дзённік. Галоўным чынам па гістарычных прычынах, бо сёння рэдка бывае, што кардынал трапляе ў турму. З іншага боку, упарадкаванне думак на паперы – гэта добрая тэрапія. Так рабіў св. Павел, калі яго пасадзілі пад варту.

“Мая вера і малітва паўплывалі на мой досвед зняволення. Гэта цалкам мяняе становішча вязня. Я часта паўтараю сёння, што маё знаходжанне ў турме было выпрабаваннем для хрысціянскай веры. Выявілася, як гэта працуе на практыцы. Я жывы прыклад таму, што вучэнне Касцёла пра малітву, ласку і пакуты на самой справе функцыянуе. Асабліва той факт, што мы можам выкарыстоўваць асабістыя пакуты дзеля дабра, яднаючыся з мукай Хрыста. Як хрысціяне, мы ведаем, што былі выкуплены дзякуючы яго муцы. І гэта ўсведамленне важнасці нашых пакут усё мяняе”, - падзяліўся аўстралійскі кардынал.

Іерарх заклікаў выкараніць сексуальныя злоўжыванні ў дачыненні да непаўналетніх. Яны ўяўляюць сабой рак у целе Касцёла. Ён падкрэсліў, што ў Аўстраліі былі прыняты меры па ліквідацыі гэтай пошасці. Аднак усе біскупы і святары павінны разумець, што нельга дапускаць паўтарэння скандалу. Паводле кардынала Пэла, гэты балючыя падзеі сведчаць аб нашай нявернасці вучэнню Езуса.
 

11 чэрвеня 2021, 10:40