Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©Natalya Lys - stock.adobe.com)

COMECE: “Даклад Маціча” супярэчыць прынцыпу субсідыярнасці

Сакратарыят Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) прадставіў сваю пазіцыю па так званым “Дакладзе Маціча”, якім аборт фактычна аб’яўляецца правам чалавека.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Дакумент, прысвечаны “сексуальнаму і рэпрадуктыўным здароўю” і правам жанчын у ЕС, быў прадстаўлены 11 мая 2021 г. Яго аўтар – харвацкі сацыяліст Прэдраг Фрэд Маціч. Галасаванне па рэзалюцыі, прапанаванай на аснове Дакладу, павінна адбыцца ў Еўрапейскім парламенце 23 чэрвеня.

У сувязі з гэтым COMECE абнародавала заяву, у якой падкрэсліла, што Каталіцкі Касцёл надае вялікае значэнне здароўю чалавека і таму вітае клопат пра абарону здароўя і правоў жанчын, які ўтрымліваецца ў дакуменце. У той жа час біскупы выступілі “супраць шэрагу сцвярджэнняў і аргументаў, змешчаных у праекце рэзалюцыі”, які, парушаючы прынцып субсідыярнасці, ігнаруе той факт, што дзяржавы-члены ЕС павінны самастойна вызначаць сваю палітыку ў сферы аховы здароўя, а таксама ў арганізацыі і аказанні медыцынскіх паслуг. Гэта асаблівым чынам тычыцца “такіх далікатных сфер, як правілы ў адносінах да ўмоў здзяйснення абортаў”.

Паводле еўрапейскіх біскупаў, праекту характэрны “аднабаковы падыход”. Акрамя таго, ён не прызнае фундаментальнае права на адмову ад выканання аборту па меркаванні сумлення, якая з’яўляецца праявай свабоды сумлення, як указана ў Хартыі асноўных правоў і свабодаў ЕС. Біскупы нагадалі, што чалавечае жыццё надзелена годнасцю і правамі ад самага зачацця, а аборт не з’яўляецца сродкам планавання сям’і і часткай нармальнага медыцынскага абслугоўвання.

Сакратарыят COMECE заклікаў дэпутатаў Еўрапейскага парламенту падысці да галасавання з усёй адказнасцю і ўлічваць далікатнасць і складанасць пытання, якое патрабуе “юрыдычнага і этычнага балансу ўсіх правоў”.
 

18 чэрвеня 2021, 11:13