Пошук

Хрысціянскія патрыярхі Лівана падчас сустрэчы ў Бкерке. 2021.06.09 Хрысціянскія патрыярхі Лівана падчас сустрэчы ў Бкерке. 2021.06.09 

Хрысціянскія іерархі Лівана рыхтуюцца да сустрэчы ў Ватыкане

Хрысціянскія патрыярхі Лівана правялі папярэдняе абмеркаванне праблем, на якіх сканцэнтруецца нарада па сітуацыі ў Ліване, скліканая Папам на 1 ліпеня 2021.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерархі сабраліся ў штаб-кватэры Мараніцкага Патрыярхату ў Бкерке, - паведаміла місійнае агенцтва Fides. У кароткім саміце, які адбыўся па запрашэнні кардынала Бешара Бутраса Раі, Патрыярха Антыёхіі мараніцкага абраду, між іншым, прынялі ўдзел: Сіракаталіцкі Патрыярх Ігнацый Юсэф III Юнан, армянскі Каталікос Кілікіі Арам I, мельхіцкі грэка-каталіцкі Патрыярх Юсуф Абсі і грэка-праваслаўны Патрыярх Антыёхіі Ян Х.

На думку ўсіх удзельнікаў, неабходна тэрмінова сфарміраваць новы ўрад і пераадолець інстытуцыйны параліч, які падрывае само існаванне ліванскай нацыянальнай структуры, якая не ў стане справіцца з разбуральнымі наступствамі эканамічна-сацыяльнага крызісу.

У канцы сустрэчы іерархі правялі супольную малітву, просячы Бога Айца Усемагутнага аб дары міру для Лівана і Блізкага Усходу, а таксама аб спыненні пандэміі COVID-19.

Сустрэча з высокапастаўленымі прадстаўнікамі ліванскіх хрысціянскіх супольнасцей, скліканая Францішкам, усё часцей становіцца прадметам аналізу і разважанняў у касцёльных структурах Лівана. Па меры набліжэння 1 ліпеня аналітыкі і каментатары робяць заявы аб будучым саміце. Як паведамляе Fides, мясцовыя эксперты задаюцца пытаннем, ці на сустрэчы ў Ватыкане адбудзецца агульнае абмеркаванне бягучага стану краіны і ліванскіх хрысціянскіх супольнасцей, ці ўсё ж увага будзе сканцэнтравана на канкрэтных праблемах.
 

11 чэрвеня 2021, 10:10