Пошук

Vatican News
Сумесная сустрэча біскупаў CCEE-SECAM у Фаціме ў 2018 г. Ілюстрацыйнае фота Сумесная сустрэча біскупаў CCEE-SECAM у Фаціме ў 2018 г. Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Еўропы і Афрыкі правялі анлайн-нараду

На тэму “Салідарнасць у прасоўванні чалавечай годнасці ў святле Fratelli tutti” 1-2 чэрвеня 2021 г. праходзіла чарговая сустрэча прадстаўнікоў епіскапатаў Еўропы і Афрыкі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас такіх мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку біскупскай калегіяльнасці і ўмацаванне супольнасці паміж епіскапатамі абодвух кантынентаў, абмяркоўваюцца актуальныя для Касцёла тэмы. На гэты раз, з прычыны эпідэмічных абмежаванняў, канферэнцыя прайшла ў анлайне.

У сумеснай заяве ўдзельнікі, якія прадстаўлялі Раду Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) і Сімпозіум Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара (SECAM/SCEAM), адзначылі, што энцыкліка Францішка Fratelli tutti – гэта заклік да людзей усяго свету рэалізаваць усеагульнае братэрства, сяброўства, салідарнасць і мірнае суіснаванне.

У свеце, поўным як станоўчых каштоўнасцей, так і нянавісці, варожасці, экстрэмізму, гвалту і кровапраліцця, неабходна прыняць заклік Святога Айца да міжрэлігійнага дыялогу як спосабу стымулявання сяброўства, міру і згоды і гарантавання рэлігійнай свабоды, - падкрэслілі іерархі.

Яны заклікалі палітычных лідараў, грамадзянскія ўлады і ўстановы, такія як Еўрапейскі і Афрыканскі Саюзы і Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, прымяняць на практыцы законы і пагадненні, якія падтрымліваюць салідарнасць і чалавечую годнасць. У прыватнасці, гаворка ідзе пра падтрымку абароны жыцця, сям'і, свабоды адукацыі і веравызнання, пра допуск і інтэграцыю мігрантаў, а таксама пра агульны доступ да вакцын супраць COVID-19.

Рэгулярныя сумесныя сустрэчы прадстаўнікоў еўрапейскіх і афрыканскіх каталіцкіх епіскапатаў, арганізатарамі якіх выступаюць CCEE і SECAM, пачаліся ў 2004 г. У перадпандэмічны перыяд яны праходзілі папераменна на абодвух кантынентах.
 

03 чэрвеня 2021, 11:18