Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

Адышоў у вечнасць рэжысёр Юрый Гарулёў, заснавальнік і дырэктар каталіцкага кінафестывалю Magnificat. Гэта адбылося ў нядзелю 13 чэрвеня 2021 г. Юрыю Гарулёву было 77 гадоў. Ён вядомы як аператар, рэжысёр і сцэнарыст, аўтар дакументальнай кінатрылогіі, прысвечанай кардыналу Казіміру Свёнтку, лаўрэат прэміі "За духоўнае адраджэнне", а таксама – шматлікіх нацыянальных і міжнародных кінапрэмій. Пахавальная св. Імша за спачылага Юрыя Гарулёва адбылася ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.

Імша падзякі на заканчэнне пілігрымкі з абразамі Маці Божай па Беларусі прайшла ў гродзенскай катэдры. У пятніцу 18 чэрвеня 2021 г. посная пілігрымка, якая на аўтамабілях з малітвай аб’ехала вакол краіны, вярнулася ў Гродна. Нагадаем, з галоўнай гродзенскай святыні пачыналася пілігрымка – яе ініцыятар, пробашч мінскай парафіі св. Сымона і св. Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк, адправіўся ў шлях з інтэнцыямі аб хутчэйшым аднаўленні будслаўскага санктуарыя, абароны ад каронавіруса, міра ў краіне. Імшу падзякі ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп Юзаф Станеўскі.

Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі паведаміла аб просьбе да святароў архідыяцэзіі дадаць у малітву вернікаў падчас св. Імшаў 3 ліпеня заклік аб еднасці і супакоі ў Беларусі, а таксама аб тым, "каб рашэнні, якія прымаюцца сёння, у ХХІ стагоддзі, не вялі да таго жаху, які меў месца ў ХХ стагоддзі". У гэты ж дзень, 3 ліпеня, Курыя заахвочвае напрыканцы св. Імшы выканаць гімн "Магутны Божа" - с просьбай да Усемагутнага Бога, каб захаваў народ і краіну ад усяго злога.

Апублікаваны першы ў Беларусі прафесійны запіс акадэмічнай музыкі на гістарычным касцёльным аргане. Відэа дае магчымасць гледачам апынуцца ў касцёле святых Пятра і Паўла ў вёсцы Мядзведзічы ў Пінскай дыяцэзіі і паслухаць, як гучыць адноўлены касцёльны арган. Амаль год таму адбылася прэзентацыя гэтага ўнікальнага інструмента эпохі рамантызму пасля яго грунтоўнай рэстаўрацыі. А цяпер у шырокі доступ выклалі якасны запіс гучання гэтага вядомага беларускага аргана, створанага ў 1912 г. Як паведаміў беларускі арганазнаўца Аляксандр Бурдзялёў, для Беларусі гэта першы праект адмысловага запісу адрамантаванага да канцэртнага стану гістарычнага касцёльнага аргана.

Дзеці з беларускіх парафій пачалі "Канікулы з Богам". У вёсцы Нецяч у Гродзенскай дыяцэзіі ўжо адпачылі маленькія вернікі з парафіі Святога Духа ў Гродне. Штодня – св. Імша, разнастайныя гульні, спартландыя, пошук скарбу, танцы і спевы. Дзеці вучыліся працаваць у групах, дапамагаць адзін аднаму, падтрымліваць і клапаціцца пра малодшых.

Працягваецца падпіска на газету Віцебскай дыяцэзіі "Каталіцкі веснік" – гэта адзінае каталіцкае выданне ў Беларусі, якое можна выпісаць праз Белпошту, каб атрымліваць дома ў паштовай скрыні. Падпісацца на газету можна ў кожным паштовым аддзяленні, а таксама на сайце Белпошты. Кошт падпіскі на месяц – усяго 1 рубель 30 капеек, адпаведна на паўгода – 7 рублёў 80 капеек. Выданню ўжо 10 гадоў – "Каталіцкі веснік" заснавалі ў 2011 г.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by, сatholicnews.by і ўласнай інфармацыі.
 

19 чэрвеня 2021, 09:54