Пошук

Vatican News
Св. Юзаф Св. Юзаф  (©Baralee - stock.adobe.com)

У літанію да св. Юзафа ўвайшлі новыя звароты

Францішак вырашыў “абнавіць” Літанію да св. Юзафа, зацверджаную Святым Пасадам у 1909 г., уключыўшы ў яе сем новых зваротаў, узятых з разважання Пантыфікаў над аспектамі асобы апекуна Паўсюднага Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Новы зварот Custos Redemptoris быў узяты з адгартацыі Redemptoris custos св. Яна Паўла II; Serve Christi – з гаміліі св. Паўла VI, прамоўленай 19 сакавіка 1966 г.; аўтарам новага звароту Minister salutis з’яўляецца св. Ян Залатавуст – яго цытуе св. Ян Павел ІІ ва ўзгаданай адгартацыі Redemptoris custos; Fulcimen in difficultatibus – так характарызуе св. Юзафа папа Францішак у пралогу нядаўняга Апостальскага ліста Patris corde; Patrone exsulum, Patrone afflictorum, Patrone pauperum – гэтыя звароты можна знайсці там жа.

У адмысловым лісце Канрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў падкрэсліла, што арганізацыяй перакладу на нацыянальныя мовы і выданнем новай рэдакцыі Літаніі зоймуцца мясцовыя Канферэнцыі Біскупаў. Не будзе неабходнасці ў зацвярджэнні перакладу Апостальскай Сталіцай. Больш за тое, епіскапаты змогуць унесці ў Літанію іншыя звароты, якімі св. Юзаф ушаноўваецца ў іх краінах.

Нагадаем, што сёлета адзначаецца 150-я гадавіна абвяшчэння св. Юзафа апекуном Паўсюднага Касцёла. Гэта стала нагодай для абвяшчэння Папам адмысловага Года, прысвечанага Абранніку Багародзіцы. Ён распачаўся 8 снежня 2020 г.
 

01 мая 2021, 12:10