Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

Здарэнне, якое скалынула не толькі каталіцкіх вернікаў, але і вялікую частку беларускага грамадства, – пажар у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе. Раніцай у аўторак, 11 мая 2021 г., над касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі заўважылі дым – гарэў дах. Парафіяне і мясцовыя жыхары паспелі вынесці са святыні каштоўныя рэчы, у тым ліку абраз Маці Божай Будслаўскай. Дах у выніку абваліўся, а для таго, каб цалкам ліквідаваць пажар, ратаўнікам спатрэбілася каля 8 гадзін. Апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч наведаў Будслаў пасля пажару і запэўніў у салідарнасці Святога Айца з беларускімі вернікамі, паабяцаў сваю падтрымку. На аднаўленне святыні за першыя двое сутак сабралі каля 170 тыс. рублёў. Каталіцкія біскупы Беларусі заклікалі ўсіх вернікаў у нядзелю Спаслання Духа Святога далучыцца да складання ахвяраванняў, збор якіх будуць праводзіць у кожнай парафіі Беларусі.

У маі ў катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах праходзіў базавы курс рускай жэставай мовы. Інтэнсіўнае вывучэнне мовы жэстаў змаглі прайсці навучэнцы каледжу, будучыя сямейныя кансультанты і катэхеты. Галоўнай мэтай было не толькі авалоданне навыкамі жэставай мовы, але і засяроджанне ўвагі на на актуальных праблемах глухіх людзей.

У касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах у нядзелю, 9 мая, адбылася Імша падзякі за 80-годдзе жыцця і ахвярнае служэнне ксяндза Юзафа Занеўскага, салезіяніна. На ўрачыстасці, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сабраліся святары, сёстры законныя і шматлікія вернікі. Каб ушанаваць юбіляра, праца якога трывала ўпісалася ў гісторыю Касцёла ў Беларусі, прыехалі таксама іншыя іерархі.

14 мая 2021 г. святкаваў сваё 90-годдзе марыянін Юзаф Пятушка. Да юбілею выйшла кніга-інтэрв’ю з легендарным святаром. Журналіст Яраслаў Чапля апублікаваў у ёй пяць змястоўных гутарак з кс. Юзафам, а ўводную частку прысвяціў гісторыі прысутнасці марыянаў у Беларусі. Пятушка, уражэнец Беларусі, сям’я якога ў ваеннае ліхалецце мусіла шукаць паратунку ў іншых краінах і воляю лёсу асела ў Польшчы. У амаль шасцідзесяцігадовым узросце кс. Юзафа з Польшчы скіравалі ў СССР. На прапанову сваіх манаскіх уладаў ён адказаў станоўча і дзейсна.

13 мая 2021 г., ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, у парафіі св. Францішка ў Мінску адбылася малітва за легендарнага песняра Леаніда Барткевіча ў 30-ы дзень пасля смерці. Славуты спявак быў парафіянінам маладой каталіцкай супольнасці ў Новай Баравой.

Фестываль “Вясёлка талентаў” для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прайшоў 12 мая 2021 г. у Баранавічах – свята арганізавалі сёстры Місіянеркі Святой Сям’і. Удзельнікі адкрылі гледачам свой унутраны свет праз спевы, танцы, чытанне вершаў, выкананне музычных кампазіцый, а таксама праз малюнкі і іншыя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Фестываль, які ладзілі ўжо ў чацвёрты раз, пашырыў сваю “геаграфію”: да яго далучыліся таленты з Мінска, Пінска, Ляхавічаў і Ашмянаў.

Паспяховы праект у інтэрнэце стварыў каталіцкі святар Павел Рудзьман. У Instagram душпастыр моладзі Пінскай дыяцэзіі запусціў серыю публікацый у рубрыцы “Кава са святаром” – штодзённыя кароткія відэа на духоўныя тэмы. Як правіла, за кубкам кавы святар каментуе ўрывак з Евангелля, які прапануе Літургія. У рубрыцы ўжо больш за 60 пастоў, і практычна кожнае відэа набірае звыш 1 тыс. праглядаў. А ўсяго на Instagram кс. Паўла падпісаліся ўжо амаль 2,5 тыс. чалавек. Дарэчы, святар таксама вядзе свой Youtube-канал, на якім выкладвае відэа з нядзельнымі казаннямі.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

15 мая 2021, 11:24