Пошук

Vatican News
11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

Стала вядома, як сёлета пройдзе святкаванне ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста ў Мінску і Магілёве. Нагадаем, раней з гэтай нагоды шматтысячныя працэсіі Божага цела праходзілі па цэнтральных вуліцах сталіцы – з прыпынкамі на плошчах Перамогі і Кастрычніцкай, каля Чырвонага і катэдральнага касцёлаў. Летась з прычыны пандэміі свята прайшло без працэсіі па вуліцах, аднак вернікі збіраліся на плошчах перад катэдрай і касцёлам святых Сымона і Алены. Сёлета працэсія Божага Цела ў Мінску адбудзецца 6 чэрвеня на прыкасцёльнай тэрыторыі парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы – улічваючы складаную эпідэміялагічную сітуацыю. У той жа дзень у Магілёве Эўхарыстычная працэсія пройдзе па вуліцах горада.

7 мая 2021 г. у Міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Гродне малілася за спачылага 25 гадоў таму кс. Станіслава Кучынскага, першага рэктара навучальнай установы. Біскуп Юзаф Станеўскі, які сам у мінулым быў адным з наступнікаў легендарнага святара на пасадзе рэктара, адзначыў яго ўменне распазнаваць голас Божы ў голасе настаяцеляў. Дэвізам, з якім першы рэктар часта звяртаўся да семінарыстаў, былі словы „Не зявай!“. На ўвазе ён меў гатоўнасць да новых выклікаў. Памёр кс. Кучынскі 8 мая 1996 г. і быў пахаваны на малой радзіме, каля касцёла ў Альковічах, што на Вілейшчыне.

У межах Ігнацыянскага юбілейнага года рэліквіі св. Ігнацыя Лаёлы плануецца прывезці ў Беларусь. Урачыстая інаўгурацыя Года, які езуіты ва ўсім свеце будуць адзначаць з 20 мая 2021 г. да 31 ліпеня 2022 г., адбудзецца ў іспанскай Памплоне, у бітве пры якой 20 мая 1521 г. Лаёла быў паранены. Менавіта гэта стала ключавым момантам для яго навяртання. 16 мая, ва ўспамін св. Андрэя Баболі, езуіта, які прыняў мучаніцкую смерць у Янаве Палескім, што на Піншчыне, распачнецца перэгрынацыя рэліквій св. Ігнацыя ў Польшчы і Даніі. Плануецца, што яе геаграфія будзе пашырана на Беларусь, Расію і Кыргызстан.

2 мая 2021 г. у Багданаве, побач з касцёлам св. Міхала Арханёла быў адкрыты бюст Фердынанда Рушчыца. Аўтарам манумента на радзіме славутага мастака з’яўляецца вядомы беларускі скульптар Валяр’ян Янушкевіч, чые працы можна ўбачыць у многіх беларускіх касцёлах. Адным з найбольш вядомых мастацкіх твораў Рушчыца з’яўляецца палатно “Нядзеля. Ля касцёла”, што захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. На ім адлюстравана нядзельнае набажэнства ў старым драўляным касцёле ў Багданаве, які згарэў у гады Другой сусветнай вайны. Летась адзначаўся 150-гадовы юбілей славутага мастака.

Супрацоўнікі Іўеўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях супольна маліліся ў дзень свайго заступніка. 4 мая ў Касцёле адзначаўся ўспамін св. Фларыяна. З гэтай нагоды ў парафіяльным касцёле святых Пятра і Паўла ў Іўі адбылася Эўхарыстыя ў інтэнцыі пажарнікаў раёна. Яе ўзначаліў пробашч парафіі кс. Ян Гавэцкі. Супольная Імша ў гэтае свята праходзіць не першы год і мае традыцыйны характар.

Сталічны Хрысціянскі сацыяльны цэнтр “Дабрачыннай місіі Добрага Самараніна пад апекай св. Уршулі Ледухоўскай” арганізуе летнікі для дзяцей. Сёлета адбудзецца чатыры туры. Першая змена – ужо 1-14 чэрвеня. У прыватнасці, школьнікаў чакае аўтарская інтэрактыўна-тэатралізаваная праграма ад Васіля Дранько-Майсюка: арыгінальныя і адметныя заняткі па акцёрскім майстэрстве, камандныя гульні, цікавыя аповеды па беларускай літаратуры, мастацтву, кіно і музыцы.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

08 мая 2021, 10:15