Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

Іерархі наведалі рэгіёны: Біскуп Юзаф Станеўскі пабываў у Астравецкім дэканаце, а біскуп Казімір Велікаселец – у Маладзечне. У першы дзень свайго візіту Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі ўзначаліў адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Юрыя ў Варнянах. На наступны дзень ён наведаў гістарычны касцёл св. Міхала Арханёла ў Міхалішках, затым – касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Быстрыцы. У Нядзелю Добрага Пастыра ў парафіі св. Юзафа ў Маладзечне цэлебрацыю ўрачыстай св. Імшы ўзначаліў Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У гэты дзень Першую св. Камунію прынялі 16 маладых парафіян. Біскуп Велікаселец падзяліўся з прысутнымі ўспамінамі аб сваім дзяцінстве. “Бацькі мне далі Бога! Так і вы, паважаныя бацькі, давайце Бога сваім дзецям. У штодзённай супольнай малітве, сумесным удзеле ў нядзельнай Імшы, у добрых учынках адзін да аднаго. Галоўнае – быць прыкладам для сваіх дзяцей”, - заахвоціў пастыр.

У ноч на Нядзелю Добрага Пастыра ў Лагойску абрабавалі касцёл св. Казіміра. Зламыснікі разбілі акно ў храме і забралі ахвяраванні. Хто абрабаваў святыню, пакуль невядома – вядзецца расследаванне. Паводле прэс-сакратара епіскапату Беларусі кс. Юрыя Санько, зламыснікі спачатку спрабавалі трапіць у касцёл праз дзверы, аднак не змаглі іх адкрыць, толькі пашкодзілі замок. Таму рабаўнікі разбілі акно, забралі толькі невялікія ахвяраванні, інструмент не кранулі, літургічныя рэчы таксама пакінулі. Па дадзеных міліцыі, з касцёльнага шапіка выкралі манетамі каля 25 рублёў. Акрамя таго, скрадзена скрыня з ахвяраваннямі, у якой таксама было прыблізна 25 рублёў.

У панядзелак, 26 красавіка Беларусь узгадвала 35-ю гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. За ахвяр той страшнай трагедыі маліліся каталіцкія вернікі ў шматлікіх парафіях, а таксама прасілі ў малітвах, каб такія катастрофы больш ніколі не паўтараліся. Напярэдадні трагічнай даты арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю св. Імшы ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены і ўсклаў кветкі да звана Нагасакі на прыкасцёльным цвінтары. Падчас Эўхарыстыі іерарх разам з парафіяльнай супольнасцю маліўся за ўсіх, хто загінуў і пацярпеў у выніку катастрофы. Затым арцыбіскуп Кандрусевіч ударыў у звон Нагасакі 35 разоў, у памяць пра ўсіх, хто загінуў ад радыяцыі ў розных краінах свету, а таксама як перасцярога ад паўтарэння атамнай трагедыі.

Рэдакцыя медыяпраекту Каталіцкі Веснік адзначыла 10-годдзе. Першы нумар друкаванага выдання, адзінага ў Віцебскай дыяцэзіі, выйшаў у красавіку 2011 г. 3 снежня 2012 года распачаў працу сайт газеты Catholicnews.by. “Адзіная мэта, дзеля якой існуе медыяпраект Каталіцкі веснік, – гэта абвяшчэнне Евангелля беларусам і не толькі”, - гавораць супрацоўнікі выдання. Дарэчы, гэта адзінае каталіцкае выданне, якое можна выпісаць праз Белпошту, не шукаць у касцёлах, а атрымліваць дома ў паштовую скрыню.

Падрыхтавана паводле catholic.by, catholicnews.by, grodnensis.by, tut.by і ўласнай інфармацыі.
 

01 мая 2021, 09:08