Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (2018 Getty Images)

Пантыфік падзякаваў амерыканскай законніцы за дапамогу мігрантам

Папа скіраваў відэапасланне да с. Нормы Пімэнтэль, місіянеркі і кіраўніцы дабрачыннай арганізацыі Catholic Charities, якая працуе на мяжы ЗША з Мексікай, аказваючы дапамогу мігрантам.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Дзякую за ўсё, што робіце вы і ўся ваша каманда... Дзякую за гасціннасць, за прыняцце мігрантаў, якія прыбываюць, шукаючы лепшага жыцця (...), уцякаючы ад розных відаў сацыяльнага пекла”, - сказаў Папа ў кароткім відэазвароце, які запісаў у адказ на ліст, які атрымаў ад законніцы.

Францішак нагадаў чатыры дзеясловы, на якіх павінна грунтавацца дапамога мігрантам: прымаць, абараняць, суправаджаць і інтэграваць, а таксама запэўніў манахіню, яе паплечнікаў і падапечных у сваёй малітве.

С. Норма Пімэнтэль добра вядомая ў ЗША як “анёл-ахоўнік” мігрантаў – ужо на працягу трох дзесяцігоддзяў яна служыць людзям, якія пакінулі родны дом у пошуку лепшай долі. З 2015 г. манахіня з’яўляецца дырэктарам дабрачыннага цэнтра на поўдні штата Тэхас, у якім за гэты час атрымалі падтрымку каля 23 тыс. чалавек. Структура дае магчымасць мігрантам знайсці прытулак, спажыць пасілак, прыняць душ, змяніць вопратку, атрымаць медыцынскую дапамогу і прававую кансультацыю.

Праца с. Нормы знайшла адлюстраванне ў кароткаметражным фільме Oh Mercy, прысвечаным міграцыйнаму крызісу і знятым у лагеры для бежанцаў у мексіканскім горадзе Матаморас. У 2020 г. амерыканскі часопіс Time назваў каталіцкую місіянерку сярод ста найбольш уплывовых людзей свету.

29 мая 2021, 08:15