Пошук

Vatican News
Фігура Апякункі Кубы – Маці Божай Міласэрнасці Фігура Апякункі Кубы – Маці Божай Міласэрнасці  (ANSA)

Куба: ружанцовы “марафон” з санктуарыя Эль-Кобрэ

"Мы будзем маліцца за Кубу перад Маці Божай, як гэта рабілі стагоддзямі, за свабоду і правы ўсіх людзей", - сказаў арцыбіскуп Сант'яга дэ Куба і Прымас Кубы Дыянісіа Гільерма Гарсія Ібаньес.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У гэтай архідыяцэзіі знаходзіцца нацыянальны санктуарый кубінцаў – Маці Божай Міласэрнасці, з якога 20 мая 2021 г. у 18.00 па рымскім часе ватыканскія СМІ будуць трансліраваць ружанец у рамках "малітоўнага марафону" у інтэнцыі заканчэння пандэміі, ініцыяванага Францішкам.

Арцыбіскуп Гарсія Ібаньес, гаворачы пра сітуацыю з COVID-19 у сваёй краіне, адзначыў, што ў апошнія месяцы колькасць заражэнняў і смерцяў на Кубе была меншай, чым у многіх іншых краінах. Але другая хваля дайшла і да гэтай краіны, было шмат шпіталізаваных. "Больш за тое, наша эканоміка, якая ў значнай ступені заснавана на турызме, вельмі пакутуе", - заўважыў Прымас Кубы.

Спаслаўшыся на камуністычную палітычную сістэму, якая, нягледзячы на канец эпохі Кастра, не мяняецца ў сваёй непавазе да грамадзянскіх свабод, іерарх адзначыў важнасць малітвы за правы чалавека.

Санктуарый Апякункі Кубы – Маці Божай Міласэрнасці знаходзіцца ў горадзе Эль-Кобрэ, размешчаным прыблізна ў 20 км на захад ад Сант'яга-дэ-Куба. Тут захоўваецца фігура Багародзіцы. Традыцыя кажа, што яе знайшлі ў рацэ два індзейцы і афрыканскі раб. У 1684 г. у гонар Маці Божай быў пабудаваны першы храм. У 1915 г. папа Бэнэдыкт XV абвясціў Мадонну з Эль-Кобрэ апякункай вострава. У 1926 г. тут была пабудавана новая вялікая базыліка.
 

20 мая 2021, 12:20