Пошук

Vatican News
Урачыстыя Нешпары ў завяршэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. Ілюстрацыйнае фота Урачыстыя Нешпары ў завяршэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Старшыня Папскай рады пра важнасць агульнай даты Пасхі

Кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, на старонках L'Osservatore Romano напісаў пра важнасць агульнай даты святкавання Вялікадня на хрысціянскім Усходзе і Захадзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Розніца, нагадаў іерарх, звязана з тым, што Цэрквы на Захадзе, пачынаючы з XVI ст., вылічаюць дату Пасхі паводле грыгарыянскага календара, таму Урачыстасць заўсёды адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай веснавой поўні месяца. У адрозненне ад гэтага, многія Цэрквы на Усходзе да сённяшняга дня прытрымліваюцца юліянскага календара.

Старшыня Папскай рады адзначыў, што падчас Нікейскага Сабора ў 325 г. было ўстаноўлена, што ўсе хрысціяне павінны святкаваць Вялікдзень у нядзелю пасля першай веснавой поўні месяца і пасля яўрэйскай Пасхі.

"У 2025 г. хрысціянства будзе адзначаць 1700-годдзе Нікейскага Сабора, і ў той год Цэрквы Усходу і Захаду змогуць зноў адзначыць Вялікдзень у адзін дзень, 20 красавіка", - заўважыў кардынал Кох, дадаўшы, што гэты вялікі юбілей можа стаць нагодай, каб “працягнуць нашы намаганні па дасягненні агульнай даты хрысціянскага Вялікадня ў будучыні".

Пра гэта неаднаразова казалі папа Францішак і копцкі праваслаўны Патрыярх Тавадрас II. Канкрэтную прапанову па гэтым пытанні нядаўна абнародаваў грэчаскі праваслаўны архіепіскап Ёў, сустаршыня Аб'яднанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі.

Кардынал нагадаў, што на гэтую тэму выказаўся ў нядаўнім інтэрв'ю L'Osservatore Romano грэчаскі праваслаўны Патрыярх Іерусаліма Феафіл III. Ён лічыць намаганні знайсці агульную дату не проста важным пастырскім прыярытэтам. Іерарх глыбока перакананы, што Вялікдзень – самае старажытнае і значнае свята ў хрысціянстве, што хрысціянская вера стаіць або падае разам з Вялікаднем і што агульнае святкаванне можа яшчэ больш падкрэсліць гэта асноўнае значэнне. Патрыярх Іерусаліма выказаў гэта жаданне, маючы на ўвазе перш за ўсё экуменічнае падарожжа, накіраванае на аднаўленне адзінства ў хрысціянскай Царкве на Усходзе і на Захадзе ў веры і міласэрнасці.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму віншуе ўсіх хрысціян, якія святкуюць Пасху па юліянскім календары і жадае глыбокага перажывання пасхальнай таямніцы смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. “Няхай святло Святога Агню нясе свету цудоўнае пасланне аб тым, што – асабліва падчас пандэміі – апошняе слова не належыць смерці, бо Бог за сабой пакідае апошняе слова, якім з’яўляецца жыццё: Хрістос Анэсці, Алілуя!”, - завяршыў свой артыкул у ватыканскай газеце кардынал Курт Кох.
 

05 мая 2021, 12:27