Пошук

Бл. Францішак Марыя ад Крыжа (Ёган Батыста Ёрдан) Бл. Францішак Марыя ад Крыжа (Ёган Батыста Ёрдан) 

Беатыфікаваны заснавальнік сальватарыянаў

15 мая 2021 г. у Рыме прайшла беатыфікацыя кс. Францішка Марыі ад Крыжа (Ёгана Батысты Ёрдана), заснавальніка Таварыства Боскага Збаўцы і кангрэгацыі Сясцёр Боскага Збаўцы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Харызматычная інтуіцыя благаслаўлёнага Францішка дапамагла шматлікім жанчынам і мужчынам розных нацыянальнасцей і моваў наследаваць Евангелле, а праз дзейнасць Сальватарыянскай сям’і, паспрыяла распаўсюджванню збаўчага паслання ў больш чым 50 краінах”, - заўважыў Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Анджэла Дэ Данаціс. Ён узначаліў урачыстую беатыфікацыйную св. Імшу, якая прайшла ў рымскай базыліцы св. Яна на Латэране.

Кс. Францішак Марыя ад Крыжа “чэрпаў духоўную мудрасць для абвяшчэння” з разважання над Святым Пісаннем, імкнуўся “прапаведваць усім, каб збавіліся ўсе”, а таксама быў сведкам апостальскай еднасці, разумеючы, што плённасць евангелізацыі залежыць ад адзінства і гармоніі паміж тымі, хто абвяшчае Евангелле, - падкрэсліў у гаміліі іерарх.

Кардынал Дэ Данаціс нагадаў, што ў тэкстах заснавальніка сальватарыянаў шмат разоў паўтараюцца два дзеясловы: “абвяшчаць” і “збаўляць”. Гэтыя словы павінны гучаць таксама ў наш час, які патрабуе “абвяшчэння любові, перспектывы збаўлення, позірку, скіраванага ў неба, да вечнасці, каб пераадолець пустату, смутак, апатыю, абыякавасць і павярхоўнасць”.

Папскі вікарый заўважыў, што пры заснаванні апостальскага Таварыства Боскага Збаўцы, кс. Францішак Марыя ад Крыжа прагнуў аб’яднаць у абвяшчэнні Хрыста святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, каб маглі заззяць, знайсці выраз і рэалізавацца розныя формы служэння. Акрамя таго, ён хацеў, каб яго паслядоўнікі натхняліся сведчаннем, словамі і дзеямі першых хрысціян.

Ёган Батыста Ёрдан нарадзіўся ў 1848 г. у Германіі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1878 г. Праз тры гады заснаваў у Рыме Апостальскае Таварыства Настаўніка, якое ў 1882 г. пераўтварылася ў манаскую супольнасць Таварыства Боскага Збаўцы (сальватарыяне). У 1888 г. пры ўдзеле бл. Марыі ад Апосталаў заснаваў яе жаночую галіну – кангрэгацыю Сясцёр Боскага Збаўцы (сальватарыянкі). Ёган Батыста Ёрдан памёр у 1918 г. у Германіі. У 1956 г. яго парэшткі былі перавезены ў Генеральны дом Таварыства Божага Збаўцы ў Рыме. У 1975 г. была заснавана Міжнародная Супольнасць Божага Збаўцы – свецкая галіна духоўных паслядоўнікаў кс. Ёрдана.

У Беларусі сальватарыяне працуюць толькі ў Віцебскай дыяцэзіі – у Браславе, Урбанах, Слабодцы і Віцебску.
 

15 мая 2021, 13:10