Пошук

Vatican News
Францішак падчас сустрэчы з англіканскай дэлегацыяй у ватыкане. Ілюстрацыйнае фота Францішак падчас сустрэчы з англіканскай дэлегацыяй у ватыкане. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Англікане і католікі працуюць над дакументам аб маралі

Англіканска-каталіцкая міжнародная камісія (ARCIC) 10 і 12 мая 2021 г. абмяркоўвала будучы дакумента "Цэрквы і маральнае распазнаванне – Падтрымка дыялогу для пабудовы камуніі".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Другі год запар пасяджэнне праводзілася анлайн з прычыны абмежаванняў на перамяшчэнне, звязаных з пандэміяй.

Праект дакумента прадставілі: Мірыям Війленс, сустаршыня рабочай групы і дарадца ARCIC, і доктар Дэвід Кірххофер, які адказвае за яго рэдагаванне.

Англіканска-каталіцкая міжнародная камісія была створана ў 1969 г. па сумеснай ініцыятыве Англіканскага кансультатыўнага савета і тагачаснага Сакратарыята хрысціянскага адзінства. Раней архіепіскап Кентэрберыйскі Майкл Рэмсі і папа Павел VI падпісалі 24 сакавіка 1966 г. Сумесную дэкларацыю, у якой выказалі жаданне наладзіць больш цесныя кантакты і пачаць тэалагічны дыялог на аснове Евангелля і Традыцыі. Менавіта гэтая дата лічыцца нараджэннем афіцыйнага дыялогу, хаця на практыцы тэалагічныя сустрэчы пачаліся толькі праз некалькі гадоў. Гэта адбылося пасля трох папярэдніх сустрэч у 1967 г. і 1968 г. і стварэння праз год узгаданай вышэй Камісіі. Гэта самы даўні экуменічны дыялог, які вядзе Каталіцкі Касцёл.

На сённяшні дзень завершаны два этапы працы Камісіі: першы працягваўся з 1970 г. па 1982 г. і датычыў Эўхарыстыі, святарскага пасвячэння і касцёльнай улады; падчас другога, з 1983 г. па 2011 г., гаворка ішла пра вучэнне аб збаўленні і пра Багародзіцу Марыю. Уся гэтая праца прывяла да сумесных дакументаў, якія прадстаўляюць як узгодненыя пазіцыі, так і разыходжанні паміж дзвюма Цэрквамі.

З 2011 г. праходзіць трэці этап дыялогу, які засяроджвае ўвагу на разуменні Царквы як мясцовай і паўсюднай супольнасці, а таксама аб распазнаванні маральнага вучэння ў супольнасці мясцовай і паўсюднай Царквы. Тэма супольнасці была ўжо разгледжана ў сумеснай дэкларацыі "Ісці разам па шляху" (Walking Together on the Way) у маі 2017 г.

У цяперашні час ARCIC-III узначальваюць англіканскі архіепіскап Мельбурна Філіп Фрэер і каталіцкі архіепіскап Бірмінгема Бернард Лонглі.
 

18 мая 2021, 12:18