Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

130 гадоў Rerum Novarum – першай сацыяльнай энцыкліцы

15 мая 1891 г. была абнародавана энцыкліка Льва ХІІІ Rerum novarum – адзін з самых важных дакументаў не толькі сацыяльнага вучэння Касцёла, але і сусветнай эканамічнай і сацыяльнай думкі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Rerum novarum – важная вяха сацыяльнага вучэння Касцёла, якая адкрыла яго сучасную эпоху і зрабіла велізарны ўплыў на фармаванне сучасных эканамічных і сацыяльных тэорый, - падкрэсліў у інтэрв’ю Vatican News старшыня Папскай акадэміі сацыяльных навук Стэфана Дзаманьі.

Навукоўца нагадаў, што дакумент Льва ХІІІ з’явіўся ў гістарычны перыяд, пазначаны двума важнымі фактарамі: падрыхтоўкай Другой прамысловай рэвалюцыі і распаўсюджаннем марксісцкага вучэння сярод рабочых.

“Гэты Папа апынуўся, калі так можна сказаць, паміж молатам і кавадлам. З аднаго боку ён не мог не лічыцца з тым, што адбывалася ў выніку прамысловай рэвалюцыі: з сістэмай працы на фабрыках, з разуменнем чалавечай працы як “тавару”, які можна было набыць, а можна было і выкінуць… З іншага боку ён безумоўна не мог ігнараваць распаўсюджвання марксісцкіх поглядаў”, - распавёў Дзаманьі.

Веліч энцыклікі заключаецца ў тым, што Папа не заклікаў да рэвалюцыйных змен, чаго патрабаваў тагачасны сацыялізм, а ў той жа час ён не заплюшчваў вачэй перад абліччам рэальнасці, якую бачыў.

“Яго падыход сёння можна назваць “трансфармацыйным”. Ён заключаўся ў тым, што неабходна ператварыць капіталістычную сістэму знутры, каб зрабіць яе адпаведнай патрэбам чалавецтва…”, - дадаў старшыня Папскай акадэміі сацыяльных навук.

У энцыкліцы Rerum novarum Леў ХІІІ рашуча выступіў у абарону прыватнай уласнасці, асудзіў распальванне варожасці ў грамадстве і заклікі да класавай барацьбы, заахвоціў бараніць правы і годнасць бедных, падтрымаў рабочых у імкненні да стварэнні асацыяцый.

Прапанова Льва ХІІІ не мела характару эканамічнай праграмы, але насіла пераважна антрапалагічны характар і грунтавалася на хрысціянскай філасофіі, этыцы і Божым Аб’яўленні. Пантыфік не імкнуўся гвалтоўна навязаць пэўную мадэль, але прапаноўваў шлях, які прадугледжваў імкненне да ўсё большай і большай адказнасці чалавека, пакліканага клапаціцца не толькі пра сябе, але і пра іншых. Гэты зварот ён скіроўваў як да ўладальнікаў прамысловых прадпрыемстваў, так і да рабочых.

 

15 мая 2021, 08:53