Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Тыдзень у Беларусі – важнае

Найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае цікавае з жыцця беларускіх католікаў.

Беларускія біскупы ўзначалілі ўрачыстыя Велікодныя цэлебрацыі ў розных гарадах краіны. У старадаўняй магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава Рэзурэкцыю цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. “Узглянь на нас міласціва, дай надзею на лепшае заўтра, на ўваскрашэнне нашае і нашай Бацькаўшчыны да новага жыцця ў тваёй ласцы, каб у нашых душах і краіне запанаваў дух узаемнай любові, прабачэння і так патрэбнага міру”, - звярнуўся іерарх да ўваскрослага Езуса ў сваёй гаміліі.

Да вернікаў звярнуўся таксама Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі. “У любых абставінах найлепшае - стаць на бок Бога! Гэта адзінае, што можа забяспечыць нам, нават ужо тут, на зямлі, трывалы мір і шчасце!”, - адзначыў біскуп і і дадаў, што “Хрыстус выйшаў з магілы пераможцам над Яго ворагамі – так будзе і з Яго Касцёлам”.

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне нагадаў, што “дзякуючы ўваскрасенню, у выніку сакрамэнту хросту мы паўсталі з мёртвага стану першароднага граху, уваскрэслі з жыцця язычніцкага, бязбожнага, пазбаўленага веры і надзеі – і сталіся Божымі дзецьмі, спадкаемцамі вечнага збаўлення”.

Папулярны каталіцкі рух “Сужэнскія Сустрэчы” пачаў ладзіць рэкалекцыі ў фармаце анлайн. Запланаваны дзевяць сустрэч для закаханых па ўнікальнай аўтарскай праграме. Першы “Вечар для закаханых” адбыўся 7 красавіка. Паводле арганізатараў, станоўчы бок анлайн-фармату заключаецца не толькі ў бяспецы ва ўмовах пандэміі, але і ў магчымаці паўдзельнічаць у праграме нават тым закаханым, якія жывуць у розных гарадах. Праз пераадоленне такім чынам тэрытарыяльных абмежаванняў удзельнікі руху “Сужэнскія Сустрэчы” хочуць дзяліцца сваім досведам з закаханымі з усёй Беларусі.

Праграмма “Вечароў” створана для пар любога ўзросту, незалежна ад рэлігійнай актыўнасці і канфесійнай прыналежнасці, для людзей, якія гатовы працаваць над сваімі адносінамі, паглыбляць давер, узаемаразуменне, адкрываць адно аднаго, а таксама для тых, якія плануюць стварыць сям’ю ці рыхтуюцца да шлюбу.

Плануецца, што трансляцыя св. Імшы з мінскай архікатэдры адбудзецца на Беларускім радыё ў Нядзелю Божай Міласэрнасці. Аб правядзенні акцыі «Малітва за мір і адзінства» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё абвясцілі ў Белтэлерадыёкампаніі. У анонсе гаворыцца аб тым, што акцыя пачнецца ў нядзелю 11 красавіка з перадачы Беларускага экзархату Праваслаўнай царквы “Духоўнае слова” ў 7.30 і ў 8.15 сумеснай з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй трансляцыяй.

Нагадаем, 23 жніўня 2020 года ўпершыню за шмат гадоў каталіцкія вернікі па ўсёй краіне не змаглі пачуць радыётрансляцыю службы, якая кожную нядзелю ў 8.15 вялася на Беларускім радыё. Тады гэта патлумачылі тэхнічнымі прычынамі, але з тых часоў трансляцый святых Імшаў так і не было. Сталі паступаць шматлікія просьбы ад вернікаў аб магчымасці аднаўлення трансляцый, якія слухала вялікая колькасць людзей, пераважна пажылых, па ўсёй краіне. У студзені 2021 г. пасля ўступлення на пасаду Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі вырашана было ў чарговы раз падаць кіраўніцтву Белтэлерадыёкампаніі просьбу аднавіць трансляцыі з архікатэдральнага касцёла.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.
 

10 красавіка 2021, 09:11