Пошук

belarus-daily-life-1539342683288.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае цікавае з жыцця беларускіх католікаў.

Агульнагарадскія набажэнствы Крыжовага шляху прайшлі ў Смаргоні, Іўі і Мінску. На працэсіі, якая прайшла цэнтральнымі вуліцамі Смаргоні 27 сакавіка 2021 г., вернікі маліліся за Беларусь. На прыпынках чыталі малітоўныя разважанні, дзе ў святле Хрыстовай Мукі адкрывалі раны краіны і народа, якія можа загаіць толькі ласка, што сплывае з Крыжа, з прабітага дзідай жаўнера боку Збаўцы. У Вялікую сераду 31 сакавіка на цвінтары касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску прайшло набажэнства Крыжовага шляху з удзелам вернікаў розных парафій сталіцы. Да іх далучыўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх заахвоціў суайчыннікаў толькі ў Хрысце шукаць збаўлення і выйсця з сацыяльна-палітычнага крызісу, які ўжо шмат месяцаў перажывае краіна. “Беларусь, не бойся крыжа!” - заклікаў ён. Падчас Крыжовага шляху ў Іўі крыж неслі прадстаўнікі розных узростаў і прафесій. Кожны з удзельнікаў мог дакрануцца да крыжа, каб хаця б на момант адчуць яго цяжар на сваіх плячах і такім чынам з’яднацца з пакутамі Хрыста.

28 сакавіка, у Пальмовую нядзелю, у магілёўскай гістарычнай катэдры абрадам адкрыцця галоўных дзвярэй распачалі Вялікі тыдзень. Цэлебрацыю літургіі Пальмовай нядзелі ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі. Сімволіка адкрыцця дзвярэй храма палягае на тым, што Хрыстус праз ахвяру свайго жыцця адкрыў перад чалавекам браму неба.

30 сакавіка пісьменніца, заснавальніца і галоўны рэдактар часопісаў Ave Maria і Наша вера Крыстына Лялько адзначыла 65-годдзе. Яна стаяла ля вытокаў сучаснага беларускага каталіцкага друку, якому прысвяціла ўжо амаль тры дзесяцігоддзі свайго жыцця і надалей працягвае працаваць на гэтай ніве. Дзякуючы перакладам Крыстыны Лялько беларусы могуць чытаць на роднай мове многія творы св. Яна Паўла ІІ, Дзённік св. Фаўстыны Кавальскай, паэзію кс. Яна Твардоўскага і многія іншыя глыбокія працы рэлігійных аўтараў.

Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі звярнуўся з пастырскім пасланнем на Вялікдзень. Як адзначыў біскуп Казімір Велікаселец, Уваскрасенне Езуса адкрывае нам, што цялесная смерць – гэта не канец, таму адзінае, што павінна хваляваць чалавека, – каб не апынуцца ў стане духоўнай смерці. Уваскрэснуць з мёртвых азначае выбіраць Божы спосаб жыцця, які пачынаецца праз жыццё ў Божай ласцы, а радасная навіна аб уваскрасенні Езуса заключаецца ў тым, што ўжо тут, на зямлі, кожны можа ўдзельнічаць у вечным жыцці. Іерарх заклікаў бескарысліва дапамагаць тым у Бацькаўшчыне, хто цяпер прыгнечаны жыццёвымі абставінамі і не можа або саромеецца папрасіць аб дапамозе. “Горача прашу Бога, каб Ён у сваёй міласэрнасці дапамог усім нам – пастырам і вернікам – супрацьстаяць выклікам нашага часу. Кожная цемра змяняецца святлом. Разам з вамі малюся аб гэтым святле”, - гаворыцца ў пасланні. Біскуп пажадаў, каб не пагасла праўда ў беларускім грамадстве, і каб яно ішло за Хрыстом, бо Ён – “дарога і праўда і жыццё”.

30 сакавіка ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены адбылося адкрыццё фотавыставы і прэзентацыя кнігі Станіслава Янчарскага “Касцёлы Беларусі. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія”. Выданне прысвечана 30-годдзю адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі (1991–2021). Рыхтуюцца яшчэ тры кнігі — па Гродзенскай, Пінскай і Віцебскай дыяцэзіях. Збіраючы матэр’ялы для кнігі, аўтар праехаў 35 тысяч кіламетраў па прасторах Беларусі.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

03 красавіка 2021, 11:09