Пошук

Алепа. Ілюстрацыйнае фота Алепа. Ілюстрацыйнае фота 

Сірыйскі іерарх: Уваскрослы – адзіная крыніца надзеі для вернікаў

Cёлетнія святы сталі самымі галоднымі ад пачатку вайны ў Сірыі. Эканамічны крызіс і міжнародныя санкцыі, накладзеныя на краіну, прывялі да таго, што людзі вымушаны кожны дзень змагацца за выжыванне.

Мараніцкі арцыбіскуп Алепа Джозэф Табджы распавёў Vatican News, што перажыць актуальны перыяд сірыйскім хрысціянам дапамагае толькі вера. “Адзіная надзея для нас – Уваскрослы Езус. Усё астатняе – у цемры”, - падкрэсліў іерарх, тэрыторыя архідыяцэзіі якога стала арэнай найбольшых разбурэнняў вайны.

Арцыбіскуп Табджы адзначыў, што вернікі масава ўдзельнічалі ў велікодных цэлебрацыях . Касцёлы былі поўныя людзей, а літургічныя цырымоніі – старанна падрыхтаваны.

“Гэта нагадвае цудоўны час перад канфліктам. Адзіная радасць і святло ў цёмным тунэлі – гэта Уваскрасенне. Усё іншае – цемра. Цяжкі эканамічны крызіс і жудасная беднасць паралізуюць краіну. Сярэдняга заробку сям’і хапае на тое, каб зрабіць пакупкі ўсяго на некалькі дзён. Гледзячы на Сірыю толькі па-чалавечы, у нас няма надзеі. Але Пан ведае як уратаваць нас ад гэтага жудаснага гнёту. Патрэбны давер і малітва, як у вучняў, што крычалі падчас буры ў моры: “Пане, ратуй нас, мы тонем!”, - падзяліўся сірыйскі іерарх.

Арцыбіскуп распавёў, што многія маладыя сірыйскія хрысціяне ўсё часцей задумваюцца пра эміграцыю. “І мы нічога не можам з гэтым зрабіць, сведкаў веры становіцца ўсё менш і менш з кожным днём. На шчасце, у нас ёсць падтрымка Паўсюднага Касцёла, але гэтага недастаткова. Мы адчуваем сябе цалкам пакінутымі міжнароднай супольнасцю. На што спадзявацца, калі адзіны інструмент, які выкарыстоўваецца – гэта чарговыя санкцыі? Нам трэба крыху міласэрнасці, але я сумняваюся, што мы атрымаем яе ад палітыкаў”, - падзяліўся арцыбіскуп Табджы.
 

06 красавіка 2021, 12:20