Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Эўхарыстычны кангрэс у Будапешце як крыніца надзеі для Еўропы

Асноўнай мэтай Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса ў Будапешце з'яўляецца сустрэча з Хрыстом і ласка прымірэння ў грамадстве, - нагадаў кардынал Пэтэр Эрдо.

Прымас Венгрыі падкрэсліў, што вялікім знакам надзеі будзе асабістая прысутнасць Папы пасля амаль двух гадоў ізаляцыі і страху, выкліканага пандэміяй. Ён нагадаў, што менавіта Францішак абраў Будапешт месцам правядзення міжнароднай падзеі.

Эўхарыстычны кангрэс пройдзе з 5 па 12 верасня 2021 г. Першапачаткова ён планаваўся годам раней, але правядзенню перашкодзіла пандэмія. Як адзначыў кардынал Эрдо, пашыраная такім чынам падрыхтоўка стала магчымасцю для дыялогу і збліжэння з патрабуючымі, хрысціянамі іншых веравызнанняў, а таксама з яўрэйскай супольнасцю. “Я ўпэўнены, што ўсе з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з Папам", - дадаў арцыбіскуп Эстэргомска-Будапешцкі.

У рамках Кангрэса пройдуць і культурныя мерапрыемствы. "Мы спрабуем прадставіць нашу культуру, духоўную спадчыну, цудоўную краіну і сталіцу, але ў цэнтры гэтага тыдня будзе Эўхарыстыя, жывы Хрыстус", - звярнуў увагу іерарх.

У рамках падрыхтоўкі адбываецца перэгрынацыя крыжа з рэліквіямі венгерскіх святых. Мітрапаліт нагадаў, што ў Венгрыі жылі і давалі сведчанне хрысціяне розных нацыянальнасцей, не толькі венгры, але і славакі, румыны, палякі, немцы. Іх кроў нас аб'ядноўвае і спрыяе прымірэнню паміж народамі.

Іншым элементам падрыхтоўкі да Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса ў Будапешце стала сусветная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая праходзіць у інтэрнэце. Наступная прызначана на 5 чэрвеня 2021 г. Венгры моляцца за паспяховае правядзенне Кангрэса на ўсіх нядзельных Імшах. Яны хочуць, каб вялікая сустрэча прывяла да сапраўднага духоўнага абнаўлення.
 

13 красавіка 2021, 11:26