Пошук

Біскуп Пасаў Штэфан Остэр Біскуп Пасаў Штэфан Остэр  

Біскуп: многія ў Геманіі непаважліва ставяцца да вучэння Касцёла

Біскуп Пасаў у Баварыі Штэфан Остэр крытыкуе напады на нямецкіх католікаў, якія хочуць заставацца вернымі дактрыне Касцёла. Ён не хавае, што яму ўжо надакучылі дэбаты аб рэформах у Германіі.

"Патрабаванні гэтых змен не ўпісваюцца ў рамкі вучэння Касцёла, таму тыя, хто іх пастулюе, кажуць пра нейкае "далейшае развіццё", - напісаў іерарх на сваім сайце. Ён раскрытыкаваў выкладчыцу дагматыкі Цюбінгенскага ўніверсітэта Ёхану Ранэр і "нахабныя напады на католікаў".

Біскуп Остэр не хавае таго, што яму ўжо надакучылі дэбаты аб рэформах у Германіі. Ён адзначае, што многія з тых, хто называе сябе прагрэсістамі або лібераламі, хочуць змяніць пазіцыі дактрыны адносна класічных “агітацыйных” тэм, такіх як пасвячэнне жанчын, сексуальная мараль, цэлібат.

Іерарх звяртае ўвагу на тое, што настойлівасць ліберальных колаў на так званым "далейшым развіцці" усё часцей ператвараецца ў "непавагу да вучэння Касцёла". Яны задаволены толькі тады, калі дактрына адказвае іх асабістым пажаданням. Такое стаўленне – не каталіцкае.

Ён раскрытыкаваў той факт, што нядаўняя заява Кангрэгацыі Веравучэння на тэму благаслаўлення аднаполых саюзаў была проста праігнаравана вялікай часткай Касцёла ў Германіі, і нагадаў аб тым, што адзінства веры гарантуе вернасць дактрыне, сфармуляванай Саборамі і Пантыфікамі.

Біскуп Пасаў рашуча крытыкуе выкладчыцу дагматыкі Цюбінгенскага ўніверсітэта Ёхану Ранэр і іншыя нахабныя напады на тых католікаў, якія жадаюць заставацца вернымі Рыму. Жанчына называе іх "расістамі" ў справе пасвячэння жанчын.

Іерарх адзначае, што пазіцыя, якая, здаецца, дамінуе ў Германіі, ні ў якім разе не падзяляецца большасцю вернікаў ва ўсім свеце і што часта непаважлівы погляд на Паўсюдны Касцёл, распаўсюджаны ў Германіі, не з'яўляецца нечым гістарычна новым.

Біскупа Остэра непакоіць той факт, што біскупы ў Германіі фінансуюць за кошт касцёльнага падатку некаторыя сродкі масавай інфармацыі, якія агрэсіўна ставяцца да вучэння Касцёла. "Мы, біскупы, таксама падзяляем адказнасць за тых, каму дазволена выкладаць каталіцкую тэалогію на нашых факультэтах", - напісаў у канцы свайго артыкула нямецкі іерарх.
 

22 красавіка 2021, 11:55