Пошук

Vatican News
Кс. Ганс Кюнг Кс. Ганс Кюнг  (UNED Universidad Nacional de Educación a Distancia)

Адышоў у вечнасць кс. Ганс Кюнг – славуты тэолаг сучаснасці

6 красавіка 2021 г. у 93-гадовым узросце ў нямецкім горадзе Цюбінген адышоў у вечнасць адзін з самых славутых тэолагаў сучаснасці, швейцарскі святар, кс. Ганс Кюнг.

Знакаміты тэолаг нарадзіўся ў 1928 г. у Зурзэе. У 1954 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Выкладаў на факультэце каталіцкай тэалогіі ў Цюбінгенскім універсітэце. Як і Ёзэф Ратцынгер прымаў удзел у Другім Ватыканскім Саборы ў якасці эксперта.

Кюнг займаўся вывучэннем гісторыі рэлігій, быў вядомы сваімі поглядамі, крытычнымі ў адносінах да некаторых аспектаў каталіцкай тэалогіі. У прыватнасці ён выступаў супраць дагмата аб беспамылковасці Папы ў тым выглядзе, у якім ён быў сфармуляваны Першым Ватыканскім Саборам. Напісаў некалькі кніг, якія сталі сусветнымі бестселерамі.

У 1979 г., згодна з распараджэннем Кангрэгацыі Веравучэння, ён згубіў права выкладаць у якасці каталіцкага тэолага. З таго часу Кюнг працягваў працаваць як звычайны выкладчык. Займаўся экуменічнымі даследаваннямі, заснаваў фонд Weltethos, праз які папулярызаваў сваю канцэпцыю “сусветнай этыкі”, заснаванай на агульначалавечых этычных каштоўнасцях.

Кс. Ханс Кюнг неаднаразова падвяргаўся крытыцы як з боку Яна Паўла ІІ, так і Бэнэдыкта XVI. З апошнім швейцарскі тэолаг сустрэўся ў 2005 г. у Кастэль-Гандольфа. Паведамлялася, што іх размова прайшла ў сяброўскай атмасферы і без дыскусій адносна дактрынальных пытанняў. Бэнэдыкт XVI і кс. Ханс Кюнг абмеркавалі праблемы этыкі, дыялогу паміж натуральнымі навукамі і верай.

Па прычыне слабога здароўя на працягу апошніх гадоў славуты швейцарскі тэолаг вёў адасоблены лад жыцця.
 

07 красавіка 2021, 14:33