Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Тыдзень у Беларусі – важнае

На больш значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, звярула ўвагу Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае цікавае з жыцця беларускіх католікаў.

У гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя адбылася св. Імша ў інтэнцыі кс. Казіміра Жыліса ў 30-ы дзень пасля яго смерці. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі паразважаў над сутнасцю святарства і ўзгадаў, якім быў спачылы. Іерарх адзначыў, што кс. Казімір быў вязнем канфесіянала, разьбяром чалавечых душ, нястомна абвяшчаў Божую міласэрнасць, вучыў глыбокай веры і надзеі.

Запланаванае на 20-21 сакавіка 2021 г. велікапоснае чуванне моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі давялося адмяніць з прычыны пандэміі каронавіруса. Сустрэчу моладзі планавалася правесці напярэдадні Пятай нядзелі Вялікага посту ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску, але арганізатары паведамілі, што па-ранейшаму складаная эпідэмічная сітуацыя не дазваляе гэта зрабіць. У іншых запланаваных у архідыяцэзіі ў гэтым навучальным годзе мерапрыемствах для моладзі таксама магчымы змены.

У ноч на 18 сакавіка 2021 г. акт вандалізму здзейснілі ў касцёле св. Марыі Магдалены ў Новалукомлі, у Віцебскай дыяцэзіі. Каля першай гадзіны ночы ў храм забраліся маладыя людзі і напісалі фарбай абразлівыя словы ў прэзбітэрыі. Шум у будынку пачуў пробашч парафіі кс. Мікалай Ліпскі. Калі ён паспрабаваў высветліць, што адбываецца ў святыні, вандалы ўцяклі з месца злачынства. І пробашч, і вернікі моцна ўзрушаныя тым, што адбылося, – у парафіі вырашылі правесці набажэнствы перапрашэння за грэх абразы Божай святыні. На шчасце, вандалы не пашкодзілі і не ўзламалі табернакулюм, дзе знаходзіцца Найсвяцейшы Сакрамант. У той жа дзень стала вядома, што міліцыя затрымала меркаваных злачынцаў і змясціла іх пад варту. Тыдзень у Беларусі – важнае і цікавае

13 сакавіка 2021 г. у Мінскай саборнай мячэці прайшоў міжрэлігійны моладзевы круглы стол на тэму “Адзіны шлях да міру і канструктыўнасці”. Арганізатарам форуму выступіла Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне ў Беларусі. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі розных веравызнанняў, дзяржаўнай улады, моладзь традыцыйных веравызнанняў Беларусі. Каталіцкі Касцёл на форуме прадстаўлялі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кс. Францішак Рудзь і група моладзі з мінскай катэдральнай парафіі. Іерарх нагадаў, што Папа падчас свайго нядаўняга Апостальскага візіту ў Ірак заклікаў юдэяў, хрысціян і мусульман будаваць узаемнае братэрства і ператварыць прылады нянавісці ў прылады міру. “Веруючы чалавек не можа быць супраць каго-небудзь. Ён для ўсіх. Ён не можа апраўдваць дыктатуру, прыгнёт альбо вычварэнствы, не можа таксама быць агрэсіўным”, - падсумаваў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і catholicnews.by.
 

20 сакавіка 2021, 10:29