Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Тыдзень у Беларусі – важнае і цікавае

Найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае цікавае з жыцця беларускіх католікаў.

У Мінску адбыўся Усебеларускі дзень духоўнага засяроджання для кансэкраваных асоб. Цікава, што да ўдзелу далучыліся ўсе манаскія кангрэгацыі, якія нясуць служэнне ў Беларусі. Гэта адбылося, дзякуючы прамой трансляцыі – у афлайн-рэжыме многія ўдзельнікі не здолелі сабрацца разам з прычыны пандэміі. Але малітоўнае чуванне нарадзілася з патрэбы быць духоўна разам у гэты няпросты час і маліцца аб хутчэйшым завяршэнні пандэміі, адзначыў у прывітальным слове кс. Віктар Гайдукевіч, салезіянін. Кульмінацыяй сустрэчы стала цэлебрацыя св. Імшы, падчас якой маліліся за манаскія супольнасці ў Беларусі, аб новых пакліканнях і плённым служэнні кансэкраваных асоб у духу харызмаў заснавальнікаў.

Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскуп Казімір Велікаселец наведаў парафію св. Казіміра ва Уселюбе ў дзень сваіх імянін. Найстарэйшы іерарх Беларусі 4 сакавіка 2021 г. узначаліў цэлебрацыю св. Імшы і ў гаміліі падкрэсліў значэнне прыкладу асобы св. Казіміра для сучаснага чалавека. Біскуп Казімір звярнуў увагу на тое, што святы, нягледзячы на магчымасць жыць па-каралеўску, перш за ўсё імкнуўся да Бога, шукаў сустрэчы з Ім праз малітву, шмат дапамагаў бедным і хворым. Узгадваючы часы атэізму на беларускай зямлі, іерарх адзначыў, як важна даць дзецям моцны падмурак жыцця – веру, каб часы бязбожнага панавання зла больш ніколі не вярнуліся.

Тату-майстар аднавіла стацыі Крыжовага шляху і выяву Хрыста Добрага Пастыра ў касцёле ў Адамавічах Гродзенскай дыяцэзіі. З такой прапановай да мастачкі Юліі Кульбы звярнуўся пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Майстар, якая жыве ў Адамавічах, раней ніколі не працавала з творамі рэлігійнай тэматыкі, але згадзілася ўзяцца за новую для сябе працу. У рэстаўрацыйных працах Юліі дапамагала яе сястра, таксама мастачка па адукацыі. У ходзе аднаўлення 14 барэльефаў – стацый Крыжовага шляху – трэба было адрамантаваць сколы і аднавіць адбітыя элементы. Мастачкі працавалі ў касцёле тыдзень.

Новы фармат катэхез тэстуе сястра Таццяна Гмыза з ордэну эўхарыстак, актыўная ў сацыяльных сетках. Законніца вырашыла праводзіць эфіры на сваёй старонцы ў Instagram. Першы стрым з катэхезай ўжо прайшоў – сястра Таццяна разважала пра тое, як важна ставіць мэты ў жыцці. Тэмай наступнага эфіру, запланаванага на вечар 6 сакавіка, стануць 7 галоўных грахоў. Акрамя таго, на сваёй старонцы ў сацсетцы законніца робіць серыю публікацый “Вялікі пост з сястрой Таццянай”.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі апублікавала Зварот на III Нядзелю Вялікага посту (Нядзелю Карытас), якая будзе адзначацца 7 сакавіка 2021 г. На жаль, у сучасным свеце ўсё больш перажываюць крызіс такія паняцці як ахвярнасць, бескарыслівасць, самаадданасць, шляхетнасць. У вачах свету яны нярэдка ўспрымаюцца як глупства, - адзначылі біскупы. Яны дадалі, што летась дзякуючы многім праектам Карытас у Беларусі атрымалі дапамогу некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Рэалізацыя праектаў адбываецца са значнай доляй дапамогі ад замежных партнёраў. Аднак гэта не можа доўжыцца ў бясконцасць, мы павінны вучыцца разлічваць на свае сілы, - лічаць біскупы.

Падрыхтавана паводле catholic.by, hrodna.life і ўласнай інфармацыі.
 

06 сакавіка 2021, 08:01